
1 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Новая лінія для афарбоўвання буйнагабарытных абліцовачных дэталей пачне работу ў прэсавым цэху МТЗ у 2023 годзе, паведамілі БЕЛТА на прадпрыемстве.
Ужо ўстаноўлены сушыльная камера, а таксама агрэгаты нанясення пакрыццяў і падрыхтоўкі дэталей, манціруецца канвеер. У бліжэйшы час у цэху пачнуць устаноўку сістэмы ачысткі, а далей - падключэнне да электраэнергіі, запуск і ўвод у эксплуатацыю.
Цяпер буйнагабарытныя дэталі пакрываюцца вадкімі лакафарбавымі матэрыяламі. На новай лініі на дэталь будзе напыляцца парашковая фарба, пасля чаго пры тэмпературы 180 градусаў будзе адбывацца аплаўленне пакрыцця. Вынік - экалагічны і эканамічны.
Мінскі трактарны завод - адзін з буйнейшых вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі не толькі ў краінах СНД, але і ва ўсім свеце. На прадпрыемстве працуюць больш за 16 тыс. чалавек. Заказчыкам прапануюць больш за 100 мадэлей трактароў больш як у 200 зборачных варыянтах для ўсіх кліматычных і эксплуатацыйных умоў. Новыя мадэлі маюць шырокія магчымасці агрэгатавання з сельгасмашынамі розных вытворцаў. МТЗ распрацоўвае, вырабляе і экспартуе колавыя трактары і запасныя часткі да іх, арганізуе на ліцэнзійнай аснове іх вытворчасць за мяжой, аказвае паслугі па наладжванні і правядзенні сэрвісу пастаўленых машын, праводзіць навучанне па эксплуатацыі і тэхнічным абслугоўванні выпускаемай тэхнікі.-0-