ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 30 верасня 2022
Мінск +9°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
29 ліпеня 2022, 13:58

Назараў на Мёрскім металапракатным заводзе: трэба даць прадпрыемству стаць на ногі, рэзервы ёсць

Фота з архіва
Фота з архіва

29 ліпеня, Мёры /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Мёрскі металапракатны завод уступае ў актыўны рэжым работы, выйшаў на вытворчасць каля 5 тыс. т белай бляхі за месяц, шукае новыя рынкі збыту і пастаўкі сыравіны. Аб гэтым журналістам падчас наведвання прадпрыемства паведаміў намеснік прэм'ер-міністра Юрый Назараў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Завод увялі ў 2020 годзе, у мінулым годзе распрацаваны план не быў выкананы. "Атрымалі прыбытку каля Br90 млн, што амаль у 10 разоў менш, чым было запланавана. Па сутнасці, са жніўня мінулага года завод спыніўся. За мінулы год сфарміравалася амаль $400 млн незваротных сродкаў крэдыторам. І паўстала пытанне, што рабіць з заводам, аналагаў якому няма на постсавецкай прасторы. Ёсць у Расіі і Казахстане, але там тэхналогіі не тыя, гэта самы сучасны завод. Тады Прэзідэнт паставіў задачу перад урадам - забяспечыць стабільную работу завода і захаваць калектыў", - расказаў Юрый Назараў.

Віцэ-прэм'ер адзначыў, што работа па фактычна выратаванні прадпрыемства пачалася з аргмаментаў: тэрыторыю завода ўключылі ў СЭЗ "Віцебск", каб мінімізаваць падаткі. Для яго ўстанавілі льготныя тарыфы на электраэнергію і газ. Адкрылі спецыяльны рахунак, на якім збіраліся сродкі на выплату зарплаты, каб крэдыторы не наклалі арышт на яго і не спынілі перамяшчэнне сродкаў. "Таксама было прынята рашэнне загружаць завод сыравінай у давальніцкім рэжыме. Мы вызначылі кіруючую кампанію, якую надзялілі крэдытнымі рэсурсамі пад гарантыю ўрада і якая забяспечыла закупку сыравіны і расходных матэрыялаў, каб забяспечыць пачатак вытворча-тэхнічнага працэсу. У красавіку завод даў 200 т белай бляхі, у маі 1,4 тыс. т, а паказчыкі ліпеня набліжаюцца да 5 тыс. т. Вядома, хацелася б ісці з больш хуткай дынамікай. Гэта прадпрыемства бесперапыннага цыкла вытворчасці, і яго спыніць і запусціць вельмі дорага, да таго ж гэта вялікая нагрузка на абсталяванне. І ў чэрвені на такую тэхналогію завод выйшаў. У ліпені кіруючая кампанія сустрэлася тут з прадстаўнікамі расійскай "Поўначсталі" і дамовілася на вельмі добрых умовах па пастаўках сыравіны на Мёрскі завод да канца года. Мы закупім амаль 50 тыс. т металу ў гэтай кампаніі, і гэтага будзе дастаткова, каб забяспечыць тут бесперапынны цыкл вытворчасці", - падкрэсліў Юрый Назараў.

Таксама намеснік прэм'ер-міністра зрабіў акцэнт на збыце прадукцыі. Калі будаваўся завод, першапачаткова быў разлік на пастаўкі ў краіны Еўрасаюза. Пасля ўвядзення санкцый гэты напрамак закрыўся. "Цяпер глядзім унутраны рынак, дзе ў нас ёсць два буйныя спажыўцы - Рагачоўскі і Глыбоцкі малочнакансервавыя камбінаты, якія выкарыстоўваюць бляшаную ўпакоўку, і расійскі рынак. І глядзім упэўнена. Гэты завод выпускае белую бляху той таўшчыні, якую не вырабляе ні адзін іншы завод. Мы знойдзем свайго спажыўца. І нядаўна на мёрскім прадпрыемстве з расійскіх рэгіёнаў пабывалі два гаспадары буйных тарных камбінатаў, якіх цалкам задавольвае гэта прадукцыя. Баючыся санкцый, яны паспелі ўзяць сабе прадукцыю еўрапейскага вытворцы, але, калі прыехалі сюды, падпісалі доўгатэрміновы кантракт", - расказаў Юрый Назараў.

Ён дадаў, што рашэннем Гаспадарчага суда Віцебскай вобласці 12 ліпеня тут уведзена конкурсная вытворчасць, і з гэтай даты на заводзе ўведзены ахоўны перыяд у адносінах да юрыдычнай асобы. "Такое рашэнне было прынята, каб завод стаў на ногі, раскруціўся. І задача прадпрыемства - выйсці да канца года на перапрацоўку мінімум 8-9 тыс. т за месяц і на прыбытковую работу. Для гэтага загрузка забяспечана, абсталяванне ёсць, падрыхтаваныя кадры ёсць. Антыкрызісны кіраўнік далажыў, што са жніўня зарплата работнікаў прадпрыемства павысіцца", - растлумачыў віцэ-прэм'ер.

Юрый Назараў падкрэсліў , што галоўная задача, якую трэба будзе вырашыць, - выхад на бясстратную работу прадпрыемства.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі