Сцяг Серада, 19 чэрвеня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
16 лютага 2023, 12:49

На БУТБ у якасці брокераў акрэдытаваны сем узбекскіх кампаній

16 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На Беларускай універсальнай таварнай біржы (БУТБ) у якасці брокераў акрэдытаваны сем узбекскіх кампаній, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе БУТБ.

Кампаніі акрэдытаваны па выніках першага сумеснага навучальнага семінара, арганізаванага БУТБ і Узбекскай рэспубліканскай таварна-сыравіннай біржай (УзРТСБ).

Старшыня праўлення БУТБ Аляксандр Асмалоўскі падкрэсліў, што акрэдытацыя брокераў замежнай біржы - зусім новая форма міжбіржавога супрацоўніцтва, прымяненне якой забяспечыць магутны сінергетычны эфект і прынясе рэальную практычную карысць беларускім і ўзбекскім суб'ектам гаспадарання. Пры гэтым, на думку кіраўніка беларускай біржы, узаемадзеянне не павінна абмяжоўвацца рынкамі Беларусі і Узбекістана. "Мы разглядаем узбекскую біржу як стратэгічнага партнёра, працуючы з якім мы зможам не толькі нарасціць тавараабарот паміж нашымі краінамі, але і атрымаць доступ да іншых перспектыўных рынкаў. У прыватнасці, Узбекістан мог бы стаць для нас своеасаблівым трамплінам або прамежкавай пляцоўкай для выхаду ў краіны Азіі, дзе высокім попытам карыстаецца прадукцыя дрэваапрацоўкі, нафтахіміі і сельскай гаспадаркі. Усё гэта вырабляецца ў Беларусі і магло б пастаўляцца ў гэты рэгіён праз біржавую пляцоўку", - адзначыў Аляксандр Асмалоўскі.

Біржавы гандаль краін развіваецца паскоранымі тэмпамі, выходзячы на якасна новы ўзровень, сказаў саветнік па гандлёва-эканамічных пытаннях Пасольства Узбекістана ў Беларусі Камалідзін Хасанаў. "Аб гэтым сведчыць і паказчык узаемнага тавараабароту. За мінулы год сума біржавых здзелак, заключаных узбекскімі кампаніямі, вырасла ў 29 разоў. Упэўнены, што аб'яднанне намаганняў з брокерамі Узбекскай таварна-сыравіннай біржы дасць магчымасць пашырыць кола рэзідэнтаў Узбекістана, якія выкарыстоўваюць беларускую біржавую платформу, наладзіць гандаль новымі таварнымі пазіцыямі і тым самым надаць дадатковы імпульс двухбаковаму супрацоўніцтву ў гандлёва-эканамічнай сферы", - заявіў ён.

У семінары, прысвечаным перспектывам развіцця беларуска-ўзбекскага біржавога гандлю, прынялі ўдзел 20 прафесійных удзельнікаў біржавога таварнага рынку Узбекістана. У ходзе навучання ўзбекскія спецыялісты дэталёва азнаёміліся з усімі аспектамі вядзення брокерскай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, уключаючы парадак акрэдытацыі на біржы, магчымыя схемы работы і нарматыўна-прававую базу. Акрамя таго, яны атрымалі вычарпальную інфармацыю аб асаблівасцях правядзення біржавых таргоў, найбольш ліквідных групах тавараў, інструментах цэнавага рэгулявання і сістэме суправаджэння біржавых здзелак.

У рамках праграмы семінара адбыўся круглы стол па актуальных пытаннях супрацоўніцтва БУТБ і УзРТСБ у сферы біржавога гандлю. Удзельнікі мерапрыемства абмяняліся вопытам вядзення брокерскай дзейнасці, абмеркавалі магчымыя напрамкі ўзаемадзеяння, у тым ліку з прыцягненнем беларускіх лагістычных аператараў, і намецілі план работы на бліжэйшую перспектыву.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі