
31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На БелАЭС пачаўся этап доследна-прамысловай эксплуатацыі другога энергаблока. Адпаведны дазвол напярэдадні выдадзены Дзяржатамнаглядам, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі.
Этап доследна-прамысловай эксплуатацыі прадугледжвае паэтапнае павышэнне магутнасці рэактарнай устаноўкі энергаблока з 50 працэнтаў да 100 працэнтаў з правядзеннем вялікай колькасці выпрабаванняў тэхналагічных сістэм і абсталявання на розных рэжымах работы блока, у тым ліку з адключэннем ад сеткі. "Усяго такіх выпрабаванняў будзе больш за 200. Цяпер ідзе павышэнне магутнасці рэактара блока да 75 працэнтаў ад намінальнай", - адзначылі ў Мінэнерга.
Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт пабудавана па расійскім праекце "АЭС-2006", які належыць да эвалюцыйных праектаў АЭС з вода-вадзянымі рэактарамі (ВВЭР) трэцяга пакалення. Яны маюць палепшаныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі. Галоўная іх асаблівасць - унікальнае спалучэнне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі.-0-