
2 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Будаўніцтва лагістычнага цэнтра на тэрыторыі Мінскага трактарнага завода завершыцца да 31 ліпеня, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе прадпрыемства.
"Аб'ект гатовы звонку: сцены з сандвіч-панэлей, дах, вокны, вароты, знешнія сеткі. Ёсць вадаправод, каналізацыя. Унутры зрабілі сцяжку падлог, пачалі аддзелку, вядзём чыставое фарбаванне адміністрацыйных і тэхналагічных памяшканняў. З надыходам спрыяльнага перыяду мы пачнём добраўпарадкаванне тэрыторыі каля аб'екта", - адзначыў намеснік тэхнічнага дырэктара па будаўніцтве - начальнік упраўлення будаўніцтва і тэхнагляду аб'ектаў ААТ "МТЗ" Юрый Уласавец.
Паводле яго слоў, лагістычны цэнтр будзе з высокім узроўнем аўтаматызацыі. Пасля яго ўводу ў эксплуатацыю прадукцыйнасць прыёмкі і адгрузкі прадукцыі ўзрасце ў 2-2,5 раза.
Мінскі трактарны завод - адзін з буйнейшых у свеце вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі. Заказчыкам прапануюць больш за 100 мадэлей трактароў больш як у 200 зборачных варыянтах для ўсіх кліматычных і эксплуатацыйных умоў. Новыя мадэлі маюць шырокія магчымасці агрэгатавання з сельгасмашынамі розных вытворцаў. МТЗ распрацоўвае, вырабляе і экспартуе колавыя трактары і запасныя часткі да іх, арганізуе на ліцэнзійнай аснове іх вытворчасць за мяжой, аказвае паслугі па наладжванні і правядзенні сэрвісу пастаўленых машын, праводзіць навучанне па эксплуатацыі і тэхнічным абслугоўванні выпускаемай тэхнікі.-0-