
12 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад падтрымлівае стварэнне імпартазамяшчальных вытворчасцей у рэгіёнах. Аб гэтым заявіў карэспандэнту БЕЛТА намеснік міністра эканомікі Сяргей Міцянскі, каменціруючы даручэнні, якія былі дадзены на пасяджэнні Савета Міністраў пад старшынствам кіраўніка дзяржавы.
У краіне прыняты комплексны план па падтрымцы эканомікі. Як падкрэсліў Сяргей Міцянскі, гэтыя рашэнні будуць не апошнімі - работа прадаўжаецца. "Аднак у цяперашніх няпростых умовах шмат што залежыць ад таго, наколькі эфектыўна спрацуюць самі суб'екты гаспадарання. Неабходна шукаць замену пастаўшчыкам камплектуючых, якія сышлі, па магчымасці захаваць існуючыя рынкі збыту, а таксама пераарыентаваць экспартныя патокі на рынкі дружалюбных краін. Яшчэ адзін ключавы напрамак - стварэнне новых вытворчасцей", - адзначыў намеснік кіраўніка эканамічнага ведамства.
Сяргей Міцянскі асаблівую ўвагу ўдзяліў стратэгічнай задачы - імпартазамяшчэнню. "Рэзервы ў нас вялікія. У мінулым годзе мы закупілі сыравіны, камплектуючых і тавараў з недружалюбных краін на больш як $8 млрд. Гэта той патэнцыял, які мы павінны замясціць уласнай прадукцыяй. Работа ў гэтым напрамку ўжо разгорнута ў рэгіёнах. У рамках рэгіянальных праграм імпартазамяшчэння за першае паўгоддзе бізнес вырабіў імпартазамяшчальнай прадукцыі на больш як $1,5 млрд. Але на гэтым нельга спыняцца. Прадпрымальнікам прапануецца ўбудоўвацца ў кааперацыйныя тэхналагічныя ланцужкі замест замежных пастаўшчыкоў, якія сышлі з рынку", - падкрэсліў намеснік міністра. Паскорыць гэту работу дапамогуць меры і механізмы, якія прапануюць Банк развіцця, Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў і Беларуская ўніверсальная таварная біржа.
Мінэканомікі арганізавала цыкл сустрэч з дзелавой супольнасцю ў рэгіёнах, прысвечаных дзейнасці бізнесу ў бягучых умовах і магчымасцям, якія адкрываюцца для прадпрымальнікаў. Сёння чарговае мерапрыемства прайшло ў Дзяржынску з удзелам Сяргея Міцянскага, які расказаў аб мерах па падтрымцы эканомікі.-0-