
22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання змяніла гранічныя мінімальныя цэны на тавары, што рэалізуюцца па знешнегандлёвых дагаворах. Гэта прадугледжана пастановай ведамства ад 20 лютага 2023 года нумар 24, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Кошт прадукцыі ўстанаўліваецца ў залежнасці ад рэгіёна экспарту: Расія, краіны ЕАЭС (акрамя Расіі), краіны СНД і Грузія (акрамя краін ЕАЭС), краіны па-за СНД (акрамя Грузіі).
Згодна з дакументам, малако і вяршкі, згушчаныя або з дабаўленнем цукру, у парашку, гранулах або ў іншых цвёрдых відах, нельга прадаваць у Расію танней за 200 расійскіх рублёў за 1 кг. Для краін ЕАЭС, СНД і Грузіі кошт экспарту будзе не ніжэйшы за $2,7 за 1 кг, а для Кітая складзе $2,35 за 1 кг.
У дакумент таксама трапілі такія пазіцыі, як малако і вяршкі без цукру, сметанковае масла і сыры.
Мінімальныя экспартныя цэны на мясную прадукцыю не змяніліся.
Пастанова ўступіла ў сілу з 20 лютага.-0-