
15 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пакупніцкі попыт па шэрагу тавараў амаль цалкам задаволены за кошт беларускай прадукцыі. Аб гэтым на 28-й міжнароднай спецыялізаванай харчовай выстаўцы-кірмашы "Прадэкспа" заявіў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Вадзім Шагойка, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"У гэтым годзе як ніколі стала відавочнай важнасць і неабходнасць работы па імпартазамяшчэнні як аднаго са складнікаў харчовай бяспекі Беларусі. Наш унутраны харчовы рынак дэманструе стабільнасць і высокую здольнасць да пераадолення крызісных з'яў. Па шэрагу тавараў пакупніцкі попыт практычна цалкам задаволены за кошт прадукцыі беларускіх вытворцаў. Меры, якія прымаюцца нашымі прадпрыемствамі, даюць магчымасць бесперашкодна і ў шырокім асартыменце забяспечыць насельніцтва Беларусі айчыннай прадукцыяй", - сказаў намеснік міністра.
Паводле яго слоў, менавіта перадавыя навуковыя распрацоўкі дазваляюць пашырыць асартымент і павялічыць вытворчасць тавараў.
"Так, за 9 месяцаў 2022 года па арганізацыях сістэмы Мінсельгасхарча тэмп росту вытворчасці масла жывёльнага склаў 6 працэнтаў, сыроў тлустых - 7 працэнтаў, паўфабрыкатаў - 24 працэнты, каўбасных вырабаў - 5,4 працэнта, а мясных кансерваў - 20 працэнтаў", - падкрэсліў Вадзім Шагойка.
Міжнародная спецыялізаваная харчовая выстаўка-кірмаш "Прадэкспа" праходзіць у Мінску з 15 па 18 лістапада. У час выстаўкі працуюць 20 тэматычных стэндаў, дзе прадстаўлены шырокі асартымент прадукцыі - ад штодзённых прадуктаў і харчавання для здаровага ладу жыцця да вытанчаных далікатэсаў. У мерапрыемстве прымаюць удзел больш за 100 экспанентаў, у тым ліку замежныя кампаніі. Найбольшую актыўнасць праявілі адразу некалькі рэгіёнаў Расіі: Астраханскі, Архангельскі, Пскоўскі, Разанскі, Стаўрапольскі і іншыя.-0-