
22 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства прамысловасці Беларусі завяршыла ўсе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры па падрыхтоўцы да падпісання пагаднення паміж урадамі Беларусі і Расійскай Федэрацыі аб адзінай прамысловай палітыцы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінпрама.
Праект пагаднення адобраны ўрадам Беларусі. Міністэрства прамысловасці ўпаўнаважана на правядзенне перагавораў па праекце названага дакумента.
На падпісанне пагаднення ўпаўнаважаны намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Пётр Пархомчык.
Унутрыдзяржаўныя працэдуры па падрыхтоўцы да падпісання пагаднення праводзіць расійскі бок.
Пагадненне паміж урадамі дзвюх краін аб адзінай прамысловай палітыцы будзе накіравана на павышэнне эфектыўнасці і канкурэнтаздольнасці прамысловай прадукцыі дзяржаў на ўнутраным і знешнім рынках, а таксама фарміраванне сучаснай структуры нацыянальных прамысловых комплексаў.
Прадугледжваецца, у прыватнасці, рэалізацыя адзінай прамысловай палітыкі праз развіццё вытворча-тэхналагічнай кааперацыі, стварэнне транснацыянальных гаспадарчых структур, распрацоўку і рэалізацыю сумесных вытворчых і навукова-тэхнічных праграм і інш.-0-