
8 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На грамадскае абмеркаванне вынесены праект пастановы Міністэрства фінансаў, якім уносяцца змяненні ў ведамасную пастанову ад 4 лістапада 2016 года нумар 96 "Аб патрабаваннях да правіл унутранага кантролю", паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
Дакумент распрацаваны для ўдасканалення ўмоў ажыццяўлення дзейнасці прафесійнымі ўдзельнікамі рынку каштоўных папер пры выкананні імі патрабаванняў заканадаўства ў сферы прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, фінансавання тэрарыстычнай дзейнасці і фінансавання распаўсюджвання зброі масавага знішчэння (ПАД/ФТ).
Змяненні накіраваны на паляпшэнне сістэмы ўнутранага кантролю па ПАД/ФТ для забеспячэння належнай праверкі кліентаў, іх прадстаўнікоў, іншых удзельнікаў фінансавых аперацый.
У прыватнасці, яны прадугледжваюць парадак правядзення прафесійнымі ўдзельнікамі рынку каштоўных папер працэдуры аддаленай ідэнтыфікацыі кліентаў, у тым ліку нерэзідэнтаў, без іх асабістай прысутнасці.
Для ідэнтыфікацыі кліентаў можа выкарыстоўвацца працэдура web-ID, якая ўяўляе сабой форму ідэнтыфікацыі на аддаленай аснове шляхам устанаўлення відэасувязі з кліентам у інтэрнэце.
Арганізатар грамадскага абмеркавання - Міністэрства фінансаў.
Свае заўвагі і прапановы з 8 па 18 лютага можна выказаць у спецыяльнай тэме на Прававым форуме або накіраваць арганізатару грамадскага абмеркавання на адрас электроннай пошты law_securities@minfin.gov.by (з паметкай "ПМФ 38").-0-