ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Нядзеля, 26 верасня 2021
Мінск Ясна +14°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
30 ліпеня 2021, 09:02

Мэтавыя індыкатары павінны быць устаноўлены ў галіновых праграмах павышэння якасці - Назараў

Фота gosstandart.gov.by
Фота gosstandart.gov.by

30 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У галіновых праграмах павышэння якасці павінны быць устаноўлены мэтавыя індыкатары і паказчыкі якасці выпускаемай прадукцыі. Гэту работу неабходна правесці Міністэрству прамысловасці, канцэрнам "Белнафтахім", "Беллегпрам", "Беллеспаперапрам" сумесна з Дзяржстандартам на працягу жніўня. Такое даручэнне даў намеснік прэм'ер-міністра Юрый Назараў у ходзе пасяджэння калегіі Дзяржстандарту па выніках работы ў першым паўгоддзі 2021 года, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ведамства.

Выкананне праграмы "Якасць 2021 - 2025" - асноўнае пытанне парадку дня пасяджэння калегіі. Яна была зацверджана на ўзроўні ўрада ў снежні 2020 года. Асноўныя задачы дакумента - стымуляванне вытворчасці якаснай і канкурэнтаздольнай прадукцыі, устанаўленне сучасных патрабаванняў да прадукцыі, развіццё выпрабавальнага патэнцыялу, а таксама ўдасканаленне прафесійных ведаў і культуры якасці ў цэлым. На працягу пяцігодкі плануецца рэалізаваць больш за 30 сістэмных мерапрыемстваў па чатырох раздзелах. Тры з іх адлюстроўваюць развіццё нацыянальнай інфраструктуры якасці ў цэлым і адзін - павышэнне якасці ў галінах праз распрацоўку галіновых праграм якасці.

Намеснік старшыні Дзяржстандарту Аляксандр Бурак у якасці аднаго з праблемных пытанняў назваў складанасць ва ўстанаўленні і ацэнцы мэтавых індыкатараў і паказчыкаў якасці прадукцыі, якая выпускаецца ў галінах, пры разнастайнасці яе асартыменту і хуткай змяняльнасці відаў і характарыстык. У Дзяржстандарт у адпаведнасці з праграмай "Якасць 2021-2025" галіновыя праграмы накіравалі Міністэрства прамысловасці, канцэрны "Белнафтахім", "Беллегпрам", "Беллеспаперапрам", у ініцыятыўным парадку - канцэрн "Белдзяржхарчпрам", Мінлясгас, Мінэнерга.

"Пры разглядзе прадстаўленых на ўзгадненне праектаў галіновых праграм, на вебінарах і нарадах разам з галінамі мы паспрабавалі знайсці ўніфікаваныя падыходы, але падысці да выбару і ўстанаўлення колькасных мэтавых паказчыкаў пакуль не ўдалося, - канстатаваў Аляксандр Бурак. - Таму праекты галіновых праграм былі ўзгоднены з улікам іх дапрацоўкі ў гэтай частцы".

Юрый Назараў асабліва падкрэсліў важнасць пытанняў якасці ў рэальным сектары эканомікі. "Без якасці прадукцыі ажыццявіць яе продажы немагчыма, таму з улікам выяўленых складанасцей трэба знаходзіць кампрамісныя рашэнні і ўстанаўліваць мэтавыя індыкатары. На дапрацоўку галіновых праграм у адпаведнасці з патрабаваннямі праграмы "Якасць 2021-2025" адводзіцца жнівень. Па выніках 2021 года на прыкладзе любой галіны мы павінны канкрэтна паглядзець, як ідзе рэалізацыя галіновай праграмы", - падкрэсліў ён.

На калегіі адзначалася магчымасць айчынных вытворцаў не толькі прымяняць тэхнічныя рэгламенты і стандарты, але і актыўна ўдзельнічаць у іх распрацоўцы, пашыраючы свае інтарэсы ў гарантаванні бяспекі і якасці прадукцыі. "Цяпер Дзяржстандарт падрыхтаваў праект нарматыўнага прававога акта па прадастаўленні субсідый арганізацыям на кампенсаванне часткі расходаў, панесеных імі ў час распрацоўкі міждзяржаўных і дзяржаўных стандартаў, са сродкаў рэспубліканскага бюджэту. Пасля дапрацоўкі камплекта неабходных дакументаў ён будзе прадстаўлены на разгляд ва ўстаноўленым парадку. Такі пасыл мы сёння робім і чакаем, што зацікаўленасць нашых кампаній у лідарстве праз стандарты будзе ўзмоцнена", - праінфармаваў старшыня Дзяржстандарту Валянцін Татарыцкі.

На павышэнне інтарэсу айчынных арганізацый да ўдзелу ў рэспубліканскім конкурсным руху ў галіне якасці і пашырэнне пераваг для лаўрэатаў накіраваны шэраг мер. Гэта і пашырэнне кантэнту аб прадпрыемствах - пераможцах прэміі ўрада за дасягненні ў галіне якасці і іх прадукцыі на партале "Якасць.бел", і распрацоўка МАРГ праекта нарматыўнага прававога акта па закупцы тавараў (работ, паслуг) у арганізацый - лаўрэатаў прэміі без уліку патрабаванняў заканадаўства аб закупках за кошт уласных сродкаў на працягу трох гадоў з дня яе прысуджэння. Зацверджана таксама абноўленая мадэль і крытэрыі прэміі, гарманізаваныя з сусветнымі тэндэнцыямі сістэмнага менеджменту. Укараніць іх пры ацэнцы ўдзельнікаў конкурсу плануецца ў 2022 годзе. У наступным годзе Дзяржстандарт таксама плануе рэбрэндынг падыходаў да правядзення конкурсаў "Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь" і "Лепшы менеджар".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі