ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 11 жніўня 2022
Мінск Ясна +22°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
05 ліпеня 2022, 15:37

МАРГ пракаменціраваў праграму дзеянняў па стабілізацыі цэн і кантролі за цэнаўтварэннем

Фота з архіва
Фота з архіва

5 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў пракаменціраваў журналістам праграму дзеянняў па стабілізацыі цэн, удасканаленні метадалогіі цэнаўтварэння і кантролю за выкананнем заканадаўства аб цэнаўтварэнні на 2022 год, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У нас ёсць розныя інструменты па стрымліванні і стабілізацыі цэн. У прыватнасці, меры адміністрацыйнага характару, якія сканцэнтраваны ў пастанове Савета Міністраў нумар 214, дзе ў тым ліку жорстка рэгулююцца цэны. Прынятая праграма - гэта комплекс мер эканамічнага характару, накіраваны на стабілізацыю цэн у кароткатэрміновым перыядзе бягучага года", - сказаў Аляксей Багданаў.

Праграма ўключае ў сябе чатыры асноўныя блокі. "Першы - гэта меры па насычэнні ўнутранага рынку, куды ўваходзіць праграма па імпартазамяшчэнні і насычэнні рынку таварамі, якія не вырабляюцца ў нас у краіне. Рэгулятарам неабходна ствараць такія ўмовы, каб прадукцыя крытычнага імпарту пастаўлялася па даступнай цане і ў шырокім асартыменце, - адзначыў міністр. - А айчынным вытворцам - нарошчваць аб'ёмы вытворчасці тавараў і пашыраць іх асартымент, пры гэтым максімальна скарачаючы выкарыстанне імпартнай сыравіны і камплектуючых".

"Другі блок - меры эканамічнага характару, дзе прадугледжваюцца ўстанаўленне тарыфаў на энергарэсурсы ў расійскіх рублях, карэкціроўка праграм па зніжэнні затрат на вытворчасці, удасканаленне сістэмы дзяржаўных закупак, прыняцце мер па ўстараненні неабгрунтаванага пасрэдніцтва", - дадаў кіраўнік МАРГ.

Наступны блок - меры па ўдасканаленні метадалогіі цэнаўтварэння і кантрольнай дзейнасці. Размова ідзе аб узмацненні ўзаемадзеяння кантралюючых органаў на прадмет выяўлення цэнавых змоў, удасканаленні цэнаўтварэння на лекавыя сродкі і медыцынскія паслугі, павышэнні долі продажаў тавараў айчыннай вытворчасці.

Акрамя таго, прадугледжваюцца меры па скарачэнні інфляцыйных чаканняў. "Мы будзем праводзіць адкрытую палітыку па інфармаванні шырокай грамадскасці і бізнесу аб тым, якія дзеянні будзе прымаць урад па стрымліванні інфляцыйных працэсаў у краіне", - звярнуў увагу Аляксей Багданаў.

Як паведамлялася раней, Савет Міністраў і Камітэт дзяржаўнага кантролю зацвердзілі праграму дзеянняў па стабілізацыі цэн, удасканаленні метадалогіі цэнаўтварэння і кантролю за выкананнем заканадаўства аб цэнаўтварэнні на 2022 год. Гэта стратэгічны план, які прадугледжвае рэалізацыю да канца года дзеянняў па насычэнні ўнутранага рынку таварамі (легалізацыя паралельнага імпарту, распрацоўка комплексу мер па вытворчасці імпартазамяшчальнай сельскагаспадарчай прадукцыі, удасканаленне сістэмы стабфондаў), эканамічным і адміністрацыйным характары рэгулявання (перавод разлікаў за энергарэсурсы на расійскія рублі, перагляд праграм па зніжэнні затрат, удасканаленне дзяржаўных закупак, карэкціроўка пераліку тавараў, якія падпадаюць пад дзяржаўнае цэнавае рэгуляванне), удасканаленні метадалогіі цэнаўтварэння і кантрольнай дзейнасці. Таксама плануецца ўкараненне адзінай цэнтралізаванай лічбавай платформы ў сацыяльнай сферы, прадаўжэнне дзеяння пагаднення аб скідках, рэалізацыя механізма маніторынгу цэн на імпартуемыя тавары і ўкараненне аналітычнай сістэмы маніторынгу цэн шляхам кантролю касавага абсталявання.

Большасць мерапрыемстваў знаходзіцца ў высокай стадыі прапрацоўкі, асобныя ўжо рэалізуюцца.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі