ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 25 верасня 2023
Мінск Ясна +12°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 красавіка 2023, 15:29

МАРГ: айчынная плодаагароднінная прадукцыя прадстаўлена ў гандлёвых сетках у поўным асартыменце

Фота з архіва
Фота з архіва

19 красавіка, Баранавічы /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі айчынная плодаагароднінная прадукцыя прадстаўлена ў гандлёвых сетках у поўным асартыменце і аб'ёме. Аб гэтым заявіла намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Ніна Емяльянава па выніках сустрэчы з прадстаўнікамі фермерскіх гаспадарак і гандлёвых сетак у Баранавічах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"На міжсезонны перыяд 2022/23 года быў закладзены рэкордны аб'ём айчыннай плодаагародніннай прадукцыі - бульба, буракі, цыбуля, морква, капуста, яблыкі. На 1 красавіка прадукцыя стабфондаў выбрана на 80 працэнтаў. Да новага ўраджаю патрэбнасць у гэтай прадукцыі ўзрастае. На сёння вельмі запатрабаваны беларускія яблыкі. Мы бачым у магазінах, што наша айчынная плодаагароднінная прадукцыя прадстаўлена ў поўным асартыменце і аб'ёме. У магазінах - па чатыры віды яблыкаў айчыннай вытворчасці па цэнах ад Br2. Я не прыпомню, каб у канцы красавіка быў такі шырокі выбар нашай прадукцыі і па такіх прымальных для насельніцтва цэнах", - адзначыла Ніна Емяльянава.

На сустрэчу, якая 19 красавіка адбылася ў Баранавіцкім гарвыканкаме, прыехалі кіраўнікі амаль двух дзясяткаў фермерскіх гаспадарак Столінскага раёна, прадстаўнікі гандлёвых арганізацый. У нарадзе прынялі ўдзел старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, старшыня праўлення Белкаапсаюза Алег Міцкевіч. Удзельнікі абмеркавалі пытанні вытворчасці, рэалізацыі і захоўвання вырашчаных фермерамі агародніны і садавіны, забеспячэнне гэтай прадукцыяй унутранага рынку.

"Ужо ўвайшло ў практыку праводзіць сустрэчы паміж вытворцамі сельгаспрадукцыі і гандлёвымі сеткамі для таго, каб яны маглі заключыць адзін з адным папярэднія і доўгатэрміновыя дагаворы на пастаўку плодаагародніннай прадукцыі айчыннай вытворчасці. У бягучым годзе мы загадзя сталі праводзіць такія сустрэчы, выязджаем на месцы, дзе сканцэнтраваны нашы асноўныя сельгасвытворцы, якія могуць сказаць, калі, у якім аб'ёме і па якой цане яны змогуць паставіць спажыўцам свой тавар. Калі раней тая ж свежая капуста, ранняя бульба завозіліся па імпарце, то сёння фермерскія гаспадаркі Столінскага раёна гатовы ўжо ў чэрвені паставіць сваю раннюю капусту, у ліпені - маладую бульбу. Па запэўненні прадстаўнікоў гандлёвых сетак, якія прыехалі на сустрэчу з падпісанымі ўжо дагаворамі, з улікам інфармацыі, якую данеслі да іх фермерскія гаспадаркі, яны спыняць імпарт гэтай прадукцыі", - паведаміла намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю.

Яна таксама звярнула ўвагу на той факт, што на такой сустрэчы ў мінулым годзе ў Столінскім раёне было шмат прэтэнзій ад фермераў да сферы гандлю, а ад гандлёвых сетак - да работы з фермерамі. "Сёння ніводнай прэтэнзіі ўжо не было выказана. Гэта значыць, праз год бакі знайшлі ўзаемавыгадныя шляхі вырашэння праблем", - канстатавала прадстаўнік кіраўніцтва МАРГ.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі