Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
23 студзеня 2024, 15:40

Манголія зацікаўлена ў вывучэнні беларускага вопыту вядзення лясной гаспадаркі 

23 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Манголія зацікаўлена ў вывучэнні беларускага вопыту вядзення лясной гаспадаркі. Аб гэтым у час сустрэчы ў Міністэрстве лясной гаспадаркі паведаміў намеснік міністра адукацыі і навукі Манголіі Ганболд Ганбаяр, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Мінлясгаса.

Кіраўнік дэлегацыі адзначыў, што такія праблемы, як змяненне клімату і апустыньванне, не абышлі ўсходнеазіяцкую дзяржаву. Змагаюцца ў Манголіі і з абязлесеннем. "У Манголіі ў структуры ўрада няма асобнага міністэрства лясной гаспадаркі. Гэтыя пытанні размеркаваны паміж некалькімі ведамствамі. Прэзідэнт Манголіі на Генеральнай Асамблеі ААН агучыў ініцыятыву высадзіць не менш як 1 млрд дрэў да 2030 года. Адзначу, што за апошнія два гады ў рамках гэтай ініцыятывы шмат ужо зроблена", - сказаў кіраўнік дэлегацыі. Ганболд Ганбаяр дадаў, што прыярытэтным становіцца пытанне павышэння тэхналагічнасці вядзення лясной гаспадаркі.

У час прэзентацыі беларускага вопыту першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Беларусі Аляксандр Драгун акцэнтаваў увагу на некалькіх перспектыўных напрамках для пашырэння супрацоўніцтва. У прыватнасці, гаворачы аб такім напрамку, як драўлянае домабудаванне, прадстаўнік Мінлясгаса адзначыў, што домакамплекты ўжо знайшлі свайго спажыўца як у Беларусі, так і за мяжой. "Мы гатовы прапанаваць і Манголіі разгледзець якаснае экалагічнае жыллё ад беларускіх лясгасаў", - дадаў Аляксандр Драгун.

Першы намеснік міністра таксама расказаў аб экакомплексах, якія функцыянуюць у галіне. Дамы паляўнічага таксама карыстаюцца попытам у беларусаў і іншаземцаў. Прадстаўнікі Манголіі ў сваю чаргу зацікавіліся коштам паляўнічых пуцёвак.

Ганболд Ганбаяр таксама ініцыяваў правядзенне сумесных навуковых пошукаў па тэме лесааднаўлення ў няпростых кліматычных умовах. Краіна зацікаўлена ў сумесных праектах з Беларуссю, у тым ліку ў пытаннях вырошчвання пасадачнага матэрыялу.

Яшчэ адзін перспектыўны напрамак супрацоўніцтва - навучанне спецыялістаў. Госці пацікавіліся выбудаванай сістэмай падрыхтоўкі кадраў па лясных прафесіях у Беларусі, абазначылі гатоўнасць вывучыць магчымасці галіновага вучэбнага цэнтра. "Будзем рады паказаць вам наш Цэнтр павышэння кваліфікацыі работнікаў лясной гаспадаркі і іншыя аб’екты галіны", - запэўніў Аляксандр Драгун.-0- 
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі