ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 24 мая 2022
Мінск Ясна +18°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
01 снежня 2021, 16:51

Магчымасці індустрыяльнага парка "Вялікі камень" прэзентавалі ў Маскве дыпламатам з 30 краін

Фота з архіва
Фота з архіва

1 снежня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Дзелавы форум "Індустрыяльны парк "Вялікі камень": лепшыя магчымасці для інвесціравання і супрацоўніцтва ў ЕАЭС" адбыўся сёння ў Маскве на пляцоўцы Дзелавога і культурнага комплексу пасольства Беларусі ў Расіі. На мерапрыемстве сабраліся паслы і старшыя дыпламаты амаль з 30 краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, а таксама некаторых еўрапейскіх дзяржаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Адкрываючы форум, саветнік-пасланнік пасольства Беларусі ў Расіі Павел Лёгкі адзначыў, што мерапрыемства такога плану праходзіць у дыпмісіі не ўпершыню. У 2019 і 2020 гадах "Вялікі камень" паспяхова прэзентаваў у Маскве шырокі патэнцыял, які ён мае ў плане развіцця інвестыцыйнага супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі.

Дыпламат падкрэсліў, што ў Беларусі выбудавана цэлая сістэма падтрымкі і прэферэнцый для інвестараў. "Вялікі камень" займае вялікую тэрыторыю плошчай 112,5 кв.км - фактычна горад у горадзе. Парк размешчаны за 25 км ад Мінска ў непасрэднай блізкасці ад міжнароднага аэрапорта, чыгуначных пуцей, аўтамабільнай магістралі. "Вялікаму каменю" таксама прадастаўлены асаблівы прававы рэжым для камфортных умоў вядзення бізнесу", - расказаў ён.

Паводле слоў саветніка-пасланніка, рэзідэнтамі індустрыяльнага парка могуць быць любыя кампаніі незалежна ад краіны паходжання капіталу. "Разумеючы вострую канкурэнцыю за інвестара на сусветным рынку, дзяржава стварыла для рэзідэнтаў спрыяльны інвестыцыйны клімат, гарантаваны як нацыянальным заканадаўствам, так і спецыяльнымі міжнароднымі дагаворамі і абавязацельствамі, прадаставіла беспрэцэдэнтныя льготы і прэферэнцыі. Спецыяльны льготны прававы рэжым парка дзейнічае да 2062 года", - адзначыў ён.

У чэрвені 2021 года Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ нумар 215, накіраваны на паляпшэнне інвестыцыйнага клімату ў "Вялікім камені". Так, дакументам прадугледжана стварэнне дадатковых прэферэнцый для буйных інвестыцыйных праектаў з аб'ёмам інвестыцый $50 млн і больш: для іх павялічваецца льготны перыяд па падатку на прыбытак, спрашчаюцца мытныя працэдуры, кошт зямельных участкаў пры набыцці ў прыватную ўласнасць зніжаецца на 25 працэнтаў.

"Размова ідзе аб проста беспрэцэдэнтным ільготным рэжыме вядзення бізнесу, - падкрэсліў Павел Лёгкі. - Нам вядома, што некаторыя краіны выказваюць асцярожнасць у прыняцці рашэнняў па інвесціраванні ў Беларусь, матывуючы свае меркаванні невялікім аб'ёмам беларускага рынку - насельніцтва Беларусі складае 9,3 млн чалавек. Аднак тут варта ўлічваць наступныя геапалітычныя рэаліі. Як вы ведаеце, 4 лістапада прэзідэнты Беларусі і Расіі падпісалі дакументы, якія стануць практычнай асновай для паглыблення інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы. Гэта 28 саюзных праграм у розных галінах эканомікі, у ходзе рэалізацыі якіх будуць паступова здымацца ўсе існуючыя бар'еры для выхаду на рынкі і забяспечвацца роўныя правы для суб'ектаў гаспадарання нашых краін. Такім чынам, паглыбленне інтэграцыі Беларусі і Расіі - гэта гарантыя доступу не толькі на беларускі, але і на шырокі расійскі рынак. Дадам да гэтага, што тавары, вырабленыя на тэрыторыі Беларусі, будуць таксама мець свабодны доступ на рынак Еўразійскага эканамічнага саюза аб'ёмам 183 млн спажыўцоў".

"Такім чынам, "Вялікі камень" прадастаўляе лепшыя ўмовы для выхаду на рынкі Расіі, ЕАЭС і Усходняй Еўропы", - рэзюмаваў саветнік-пасланнік.

У размове з журналістамі кіраўнік адміністрацыі парка "Вялікі камень" Аляксандр Ярашэнка заўважыў, што, нягледзячы на цяперашнія няпростыя ўмовы, нельга спыняць барацьбу за інвестыцыі. "Мы павінны быць прывабнымі для інвестараў, якія прыйдуць у Беларусь і якія прыходзяць у парк "Вялікі камень", - сказаў ён. - Ужо цяпер 83 рэзідэнты з 15 краін удзельнічаюць у гэтым праекце, і сапраўды мы імкнёмся стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для работы бізнесу".

Аляксандр Ярашэнка перакананы, што пляцоўка парка вельмі выгадная для інвестараў. "Па-першае, мы прадастаўляем цалкам уладкаваную інфраструктуру, калі інвестар можа прыйсці і адразу пачаць рэалізоўваць свой праект. Мы прадастаўляем прамысловыя комплексы, дзе малы і сярэдні бізнес можа размясціць абсталяванне і адразу выпускаць прадукцыю. Падатковыя і іншыя льготныя палітыкі адны з лепшых не толькі ў рамках еўразійскай прасторы, але і на ўсёй постсавецкай прасторы і ва ўсходне-еўрапейскім рэгіёне", - пералічыў некаторыя перавагі кіраўнік адміністрацыі індустрыяльнага парка.

"Вядома, трэба мець на ўвазе, што падтрымка гэтага праекта лідарамі дзвюх краін - Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам - дарагога каштуе. Тым больш што ў бягучым годзе прыняты чацвёрты ўказ кіраўніка беларускай дзяржавы аб развіцці нашага праекта, дзе дабаўлены новыя заканадаўчыя ініцыятывы, якія даюць нам магчымасць прадаставіць у тым ліку больш камфортныя ўмовы работы бізнесу ў галіне медыцыны, што вельмі важна ва ўмовах пандэміі", - падкрэсліў Аляксандр Ярашэнка.

На форуме быў прадстаўлены патэнцыял індустрыяльнага парка "Вялікі камень" у рэалізацыі прамысловых, інавацыйных і навукова-тэхнічных праектаў у Беларусі. Спікеры расказалі прадстаўнікам дыпкорпуса ў Маскве аб магчымасцях супрацоўніцтва з паркам, інвестыцыйным патэнцыяле Беларусі, перспектывах рэалізацыі сумесных праектаў з беларускімі кампаніямі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі