
30 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Краіны СНД робяць усялякія захады для таго, каб актывізаваць узаемны гандаль. Аб гэтым заявіў журналістам генеральны сакратар СНД Сяргей Лебедзеў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, зняцце абмежаванняў ва ўзаемным гандлі - вельмі важнае пытанне для краін СНД. "Прадстаўнікі Выканкама СНД і я асабіста прысутнічалі на Еўразійскім эканамічным форуме ў Маскве і на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Я прысутнічаў і бачыў, што ўсе кіраўнікі дзяржаў выступаюць за тое, каб у бліжэйшы час зняць або, прынамсі, знізіць да мінімуму абмежаванні ва ўзаемным гандлі. Гэта вельмі важна", - сказаў Сяргей Лебедзеў.
"Ва ўмовах неабгрунтаванага санкцыйнага націску, агрэсіўнай палітыкі заходніх дзяржаў, якія мала таго, што самі абмяжоўваюць гандаль, скарачаюць аб'ём гандлю з Расіяй, Беларуссю, іншымі краінамі СНД, яны прымушаюць іншыя дзяржавы так рабіць. Гэта, вядома, парушэнне ўсіх правіл, якія існавалі раней у гандлёвых адносінах на міжнароднай арэне. Калі яны спрабуюць увесь свет падпарадкаваць сабе і прымусіць астатнія дзяржавы Азіі, Афрыкі скараціць, абмежаваць гандлёвыя адносіны з Расіяй і Беларуссю. Не сакрэт, што і на краіны Цэнтральнай Азіі таксама аказваецца вялікі націск, - падкрэсліў генеральны сакратар. - Прыемна тое, што на апошнім пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета і на Эканамічным форуме, якія прайшлі ў Маскве, прагучалі словы ўзаемападтрымкі краін. У гэтым выпадку ЕАЭС, мы глядзім шырэй - СНД. Таму што мы цяпер вельмі цесна ўзаемадзейнічаем з ЕАЭС, і вы бачылі, што на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ўпершыню прысутнічаў прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў, які, выступаючы перад журналістамі, сказаў, што яны гатовы да актывізацыі адносін з ЕАЭС, да больш актыўнага супрацоўніцтва".
"Краіны СНД цяпер, разумеючы складанасць сітуацыі, робяць усялякія захады для таго, каб актывізаваць узаемны гандаль. І гэта ўдаецца", - канстатаваў Сяргей Лебедзеў.
Чарговае пасяджэнне Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў - удзельніц Садружнасці пры статутных і іншых органах Садружнасці праходзіць сёння ў Выканаўчым камітэце СНД у Мінску. Пастаянныя прадстаўнікі плануюць абмеркаваць ход падрыхтоўкі да маючага адбыцца пасяджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД, якое запланавана на 8 чэрвеня ў Сочы. Члены СКУ абмяняюцца думкамі па тэме эканамічнага ўзаемадзеяння ў Садружнасці, разгледзяць праекты Канцэпцыі развіцця прамысловай кааперацыі і комплексу мер па яе рэалізацыі да 2030 года, падпішуць пагадненні аб узаемадзеянні пры абмене данымі маніторынгу радыяцыйнай абстаноўкі і па пытаннях дакументавання асоб, якія падлягаюць прымусовай высылцы, прымуць рашэнне аб заснаванні спартакіяды сярод дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, зацвердзяць спіс маладзёжных сталіц СНД на бліжэйшыя тры гады. Акрамя таго, пастаянныя паўнамоцныя прадстаўнікі разгледзяць прапановы ў праекты парадкаў дня чарговых пасяджэнняў Савета міністраў замежных спраў і Савета кіраўнікоў дзяржаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў, якія пройдуць восенню ў Бішкеку.-0-