ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 22 верасня 2023
Мінск Ясна +13°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 мая 2023, 14:58

Каранкевіч расказаў, што паўплывае на рашэнне аб будаўніцтве трэцяга энергаблока або другой АЭС

Віктар Каранкевіч
Віктар Каранкевіч

19 мая, Астравецкі раён /Кар. БЕЛТА/. Пытанне будаўніцтва ў Беларусі трэцяга энергаблока або другой АЭС разглядаецца, на прыняцце рашэння паўплывае шэраг фактараў. Аб гэтым заявіў журналістам міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У міністра спыталі, ці будуць у Беларусі будаваць трэці энергаблок або другую АЭС. "Развіццё аб'ектаў генерацыі беларускай энергасістэмы ўвязана з паказчыкамі канцэпцыі энергетычнай бяспекі і задавальненнем попыту на электрычную энергію. Неабходна забяспечыць баланс попыту і прапанавання, інакш кажучы, вытворчасці і спажывання электрычнай энергіі. З уводам першай Беларускай АЭС у складзе двух энергаблокаў будзе задавольвацца больш як 40 працэнтаў патрэбнасці ў электраэнергіі ў краіне. Энергетычны патэнцыял значна ўзрастае, і гэта дазваляе ў сярэднетэрміновай перспектыве забяспечыць задавальненне ўзрастаючага попыту на электраэнергію як рэальнага сектара эканомікі, так і насельніцтва. Але мы ўжо глядзім далей. Гэта 2030, 2035, 2040, 2050 гады, гэта доўгатэрміновая перспектыва. Мы робім адпаведныя разлікі", - сказаў Віктар Каранкевіч.

Згодна з тымі матэрыяламі, якія падрыхтаваны ўжо, ёсць добрыя перспектывы па павелічэнні электраспажывання ў краіне. "Прапрацоўваючы гэта пытанне, мы аналізуем неабходнасць забеспячэння аб'ектамі генерацыі, разглядаем пытанне будаўніцтва або трэцяга энергаблока, або другой АЭС. Адпрацоўваюцца арганізацыйныя, тэхнічныя, экалагічныя аспекты. Прыцягнуты спецыялісты і прадстаўнікі розных органаў дзяржкіравання - Мінпрыроды, Мінэканомікі, Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржстандарту, а таксама Нацыянальнай акадэміі навук. Усё гэта, вядома, праходзіць з удзелам Міністэрства энергетыкі. Сумесная работа прадаўжаецца", - адзначыў міністр.

Беларуская АЭС з двума рэактарамі ВВЭР-1200 сумарнай магутнасцю 2400 МВт пабудавана па расійскім праекце "АЭС-2006", які адносіцца да эвалюцыйных праектаў АЭС з вода-вадзянымі рэактарамі (ВВЭР) трэцяга пакалення. Яны маюць палепшаныя тэхніка-эканамічныя паказчыкі. Галоўная іх асаблівасць - унікальнае спалучэнне актыўных і пасіўных сістэм бяспекі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі