ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 30 верасня 2022
Мінск +9°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
19 ліпеня 2022, 13:51

Каранік: Гродзенская вобласць зрабіла ўпор на фінансавую эфектыўнасць прадпрыемстваў, а не на рост аб'ёмаў

ААТ "Малочны свет". Фота з архіва
ААТ "Малочны свет". Фота з архіва

19 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гродзенская вобласць робіць упор у першую чаргу на фінансавую эфектыўнасць работы прадпрыемстваў, а не на нарошчванне аб'ёмаў вытворчасці. Аб гэтым заявіў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік у час даклада Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Мы апошнія паўгода бачым некаторае зніжэнне аб'ёмных паказчыкаў. Але ў перыяд знешніх шокаў упор у першую чаргу быў зроблены на фінансавую эфектыўнасць работы прадпрыемстваў і вобласці ў цэлым. І тут паказчыкі аптымістычныя: павялічваецца напаўняльнасць бюджэту ў параўнанні з мінулым годам", - сказаў губернатар.

"Вы хочаце сказаць, што ў вас фізічныя аб'ёмы былі, вы маглі прадаваць, але вы гэтага не рабілі, таму што глядзелі на фінансавы стан? У вас і ў фізічных аб'ёмах было павелічэнне, напэўна", - спытаў кіраўнік дзяржавы.

"Фізічныя аб'ёмы асобныя прадпрыемствы маглі б, вядома, нарасціць, але ўпор зрабілі на тое, каб забяспечыць стабільнасць работы, рабочыя месцы і дастойную зарплату, фінансавы станоўчы вынік", - адказаў Уладзімір Каранік. У той жа час прадпрыемствы, паводле яго слоў, выбудоўваюць новыя лагістычныя ланцужкі, шукаюць новыя рынкі збыту. "У цэлым у нас дадатнае сальда гандлю таварамі на знешніх рынках вырасла і складае Br635 млн. Чысты прыбытак прадпрыемстваў вырас да Br1,2 млрд, або больш як на 20 працэнтаў. Зменшылася колькасць стратных прадпрыемстваў, - падкрэсліў кіраўнік рэгіёна. - Зразумела, што праблемы ёсць, многія зніжаюць аб'ёмы вытворчасці па суб'ектыўных і аб'ектыўных прычынах. Наша задача - скарыстацца момантам адносна фінансавай стабільнасці для таго, каб паспрабаваць да канца года аднавіць аб'ёмы. Гэту фінансавую перадышку мы атрымалі, але трэба шукаць знешнія рынкі, выбудоўваць новую лагістыку, запускаць вытворчасці".

Адказваючы на пытанні журналістаў пасля даклада кіраўніку дзяржавы, Уладзімір Каранік падкрэсліў, што бюджэт Гродзенскай вобласці за першае паўгоддзе выкананы з прафіцытам, расце яго напаўняльнасць. "Гэта дае магчымасць у поўнай меры выконваць усе сацыяльныя абавязацельствы перад нашымі грамадзянамі", - звярнуў увагу губернатар. Паводле яго слоў, дзякуючы фінансаванню з рэспубліканскага бюджэту і інавацыйных фондаў, у Гродзенскай вобласці вядзецца актыўнае будаўніцтва і аснашчэнне абсталяваннем анкалагічнага дыспансера. "Калі з пастаўкай абсталявання будуць вырашаны ўсе пытанні, то першая чарга будзе ўведзена ў гэтым годзе і прадоўжыцца будаўніцтва другой чаргі, якая будзе ўведзена ў эксплуатацыю ў наступным годзе", - праінфармаваў кіраўнік рэгіёна.

Прадаўжаецца таксама будаўніцтва іншых медыцынскіх устаноў, дзіцячых садоў, школ. "Ніводны сацыяльны аб'ект не замарожаны, прадаўжаецца іх фінансаванне і будаўніцтва", - сказаў Уладзімір Каранік.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі