Сцяг Пятніца, 24 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
25 сакавіка 2024, 12:44

Губернатар Омскай вобласці разлічвае на адкрыццё ў рэгіёне беларускага гандлёвага дома

25 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Губернатар Омскай вобласці Расійскай Федэрацыі Віталь Хацэнка разлічвае на адкрыццё ў рэгіёне беларускага гандлёвага дома і мультыбрэндавага цэнтра тэхнікі. Аб гэтым ён заявіў у час сустрэчы ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У нас месяц таму працаваў пасол Беларусі ў Расіі Дзмітрый Крутой. Мы абмеркавалі шырокі парадак дня, дамовіліся ўзаемадзейнічаць па ўсіх напрамках эканомікі, гуманітарнага супрацоўніцтва. Ёсць цікавыя праекты, звязаныя са стварэннем мультыбрэндавага цэнтра ўсёй беларускай тэхнікі на тэрыторыі Омска. У нас ёсць інвестар, які гатовы гэта зрабіць. Ён дылер аднаго з машынабудаўнічых прадпрыемстваў Беларусі на тэрыторыі якраз Омскай вобласці. Будзем вас прасіць, Аляксандр Рыгоравіч, нам дапамагчы. Мы з міністрам прамысловасці пачалі ўжо ўзаемадзейнічаць", - сказаў губернатар. Пазней у размове з журналістамі ён растлумачыў, што ў цэнтры плануецца прадставіць такія брэнды, як МТЗ, "Гомсельмаш", "АМКАДОР", МАЗ.

Акрамя таго, абмяркоўваецца магчымасць адкрыцця ў Омску беларускага гандлёвага дома, дзе была б прадстаўлена шырокая лінейка беларускай прадукцыі, у тым ліку тэкстыльныя вырабы, тавары аграпрамысловага комплексу.

"Мы падабралі самыя лепшыя зямельныя ўчасткі ў цэнтры горада, падабралі памяшканні. Таму, калі дасце такое даручэнне, мы хацелі б адкрыць Гандлёвы дом Беларусі ў Омскай вобласці", - адзначыў Віталь Хацэнка.
Ён звярнуў увагу на тое, што ў Омска добрае размяшчэнне з пункту гледжання лагістыкі. Параўнаўча недалёка да Цюмені, Новасібірска, побач Казахстан.

"Мы беларускімі таварамі можам заняць вялікую нішу", - упэўнены кіраўнік расійскага рэгіёна.

Адказваючы на пытанні журналістаў пасля сустрэчы з Прэзідэнтам, ён звярнуў увагу, што Беларусь традыцыйна ўваходзіць у пяцёрку асноўных гандлёва-эканамічных партнёраў Омскай вобласці па аб'ёме тавараабароту. А паводле папярэдніх вынікаў 2023 года, яна рушыла на адзін радок уверх і заняла чацвёртае месца, апярэдзіўшы Кыргызстан. "Мы бачым, што патэнцыял тавараабароту можна і далей павялічваць. Сёння - больш за $110 млн. Мы лічым, што значна - у два-тры разы - дакладна можна павялічыць за бліжэйшую пяцігодку", - сказаў Віталь Хацэнка.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі