
4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гранічную цану квадратнага метра жылля з дзяржпадтрымкай прывязалі да сярэдняй зарплаты па краіне. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ад 17 кастрычніка 2022 года нумар 87, якая сёння афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
"Нарматыў гранічнага кошту аднаго квадратнага метра агульнай плошчы жылога памяшкання шматкватэрных жылых дамоў, якія будуюцца з дзяржаўнай падтрымкай, адпавядае намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай плаце работнікаў Беларусі, разлічанай нарастаючым падрахункам з пачатку года, публікуемай Нацыянальным статыстычным камітэтам", - гаворыцца ў дакуменце.
Раней гранічны кошт квадратнага метра жылля павінен быў адпавядаць намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай плаце па адпаведнай вобласці (Мінску). Гэта было прадугледжана пастановай Мінбудархітэктуры ад 10 сакавіка 2022 года нумар 30.
Новая пастанова нумар 87 уступіла ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання.-0-