
11 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пры ўдзеле Беларусі ў міжнароднай прамысловай выстаўцы "Інапрам" у Екацярынбургу галоўнае - практычная аддача. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка на нарадзе рабочай групы па падрыхтоўцы да гэтай падзеі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэта адно з самых важных мерапрыемстваў у навукова-тэхнічнай, прамысловай, інавацыйнай сферах, адзначыў Раман Галоўчанка. "Беларусь упершыню прымае ўдзел у якасці краіны-партнёра. Маштабная экспазіцыя складзе больш за 3 тыс. кв.м. У рамках выстаўкі пройдуць прамысловы форум, кірмаш-фестываль. Сёння мы плануем вызначыцца з нашай генеральнай лініяй, канцэпцыяй удзелу ў "Інапраме", - адзначыў кіраўнік урада. - Мы павінны не проста паказаць тавар, але і якасна і хутка рэалізаваць задачы, якія мы ставім перад сабой, удзельнічаючы ў выстаўцы. Галоўнае - практычная аддача".
Прадстаўнікі Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Міністэрства прамысловасці як арганізатары экспазіцыі выступілі перад прэм'ер-міністрам з дакладамі і ўнеслі некаторыя прапановы па правядзенні мерапрыемства.
На нарадзе асаблівую ўвагу ўдзялілі вырашэнню арганізацыйных пытанняў падрыхтоўкі нацыянальнай экспазіцыі і спадарожных мерапрыемстваў, а таксама былі вызначаны навінкі беларускай прамысловасці, якія будуць прадстаўлены на выстаўцы.
Рэспубліка Беларусь удзельнічае ў выстаўцы пачынаючы з 2012 года. Нацыянальныя экспазіцыі былі арганізаваны на ёй 5 разоў.-0-