
21 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Неабходна прымаць прынцыповыя рашэнні па рэалізацыі базавых мэт Дагавора аб ЕАЭС. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падчас пасяджэння Еўразійскага міжурадавага савета ў пашыраным складзе, якое сёння праходзіць у Ерэване, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Справакаваная пэўнымі сіламі турбулентнасць павінна разглядацца намі выключна як акно новых магчымасцей. Рана ці позна закончыцца рэцэсія ў сусветнай эканоміцы. Ад нас залежыць, якімі нашы краіны выйдуць з гэтай фазы. Да гэтага моманту нашы прадпрыемствы, бізнес павінны цалкам заняць вызваленыя таварныя і тэхналагічныя нішы", - сказаў Раман Галоўчанка.
На думку прэм'ер-міністра Беларусі, таксама неабходна прымаць прынцыповыя рашэнні па рэалізацыі базавых мэт Дагавора аб ЕАЭС. "Гэта роўныя ўмовы гаспадарання, фарміраванне агульных рынкаў энергарэсурсаў, свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг, капіталу і рабочай сілы. Гэта асабліва важна ў цяперашняй геапалітычнай сітуацыі. Так, яшчэ застаюцца рознагалоссі па складаных пытаннях, у прыватнасці, па фарміраванні агульных рынкаў энергарэсурсаў. Але мы матываваныя завяршыць гэту работу на тых умовах, якія задавольвалі б усіх членаў саюза", - падкрэсліў ён.-0-