
20 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пералік імпартазамяшчальных праектаў з Расіяй адкрыты. Аб гэтым заявіў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, каменціруючы ўчарашнія перагаворы прэзідэнтаў Беларусі і Расіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Пералік адкрыты. Нейкага парога няма. Пакуль мы для сябе вызначылі максімальную колькасць - да 20 праектаў, тое, што мы можам цяпер пацягнуць. Усё завязана на тэхнічных і тэхналагічных магчымасцях. Таму нам важна асвоіць выдзеленыя 105 млрд расійскіх рублёў", - сказаў Раман Галоўчанка.
Паводле яго слоў, па шэрагу прадпрыемстваў ужо ідуць працэдуры закупкі абсталявання. "Ёсць бізнес-планы. На пляцоўцы ўрада была створана спецыяльная праектная група, якая верыфікавала бізнес-планы, што распрацоўваліся прадпрыемствамі для таго, каб мы мелі акупныя праекты. На працягу трох месяцаў ішла цесная работа", - звярнуў увагу прэм'ер-міністр.
Кіраўнік урада адзначыў, што многія праекты нацэлены на стварэнне прадукцыі, якая будзе запатрабавана ў першую чаргу ў Расіі і Беларусі. "Мы павялі сябе па-партнёрскі і карэктна, калі расійскія машынабудаўнічыя прадпрыемствы сутыкнуліся з праблемай санкцый і абмежаваннем паставак імпартных камплектуючых. Гэта закранула многія прадпрыемствы. Нягледзячы на тое што вытворцы канкурыруюць, мы нарасцілі пастаўкі беларускіх камплектуючых на расійскія прадпрыемствы", - падкрэсліў Раман Галоўчанка.-0-