
20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларусь і Санкт-Пецярбург не павінны збаўляць набраныя тэмпы супрацоўніцтва, неабходна забяспечваць рост аб'ёмаў гандлю. Аб гэтым прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка заявіў у час 13-га пасяджэння Савета дзелавога супрацоўніцтва Беларусі і Санкт-Пецярбурга, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
З моманту правядзення папярэдняга пасяджэння Савета, якое адбылося ў Санкт-Пецярбургу, мінуў год. "Сёння неабходна разгледзець вынікі выканання прынятых тады рашэнняў, ацаніць бягучы стан двухбаковых адносін, перспектывы іх развіцця і паставіць канкрэтныя задачы для іх далейшай рэалізацыі", - сказаў Раман Галоўчанка.
"Санкт-Пецярбург - важнейшы партнёр для Беларусі. 2022 год прынёс рэкордныя вынікі ва ўзаемным гандлі. Мы не толькі дасягнулі, але і істотна перасягнулі планку тавараабароту - $2,2 млрд. У студзені-лютым бягучага года тавараабарот таксама дэманструе добрую дадатную дынаміку, прыбавіўшы практычна 40 працэнтаў", - паведаміў ён.
Кіраўнік урада падкрэсліў, што высокія рэзультаты накладаюць і дадатковую адказнасць - не збаўляць набраныя тэмпы і забяспечваць далейшы рост узаемнага тавараабароту.
"Прыемна, што наша ўзаемадзеянне не абмежавана нейкімі лімітамі, межамі. Мы не спыняемся на дасягнутым, прырастаем новымі напрамкамі работы, новымі праектамі. Як прыклад, у ходзе мінулага пасяджэння савета мы абмяркоўвалі такія новыя сферы для ўзаемадзеяння, як фармацэўтыка, пастаўка спецыяльнай пажарнай тэхнікі. А сёння мы ўжо бачым пэўныя вынікі гэтых дамоўленасцей", - канстатаваў Раман Галоўчанка.-0-