
7 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Фізічныя асобы ў Беларусі ў сакавіку заставаліся чыстымі прадаўцамі замежнай валюты. Па выніках месяца яны прадалі на $62,1 млн больш, чым купілі. Аб гэтым сведчаць статыстычныя даныя Нацыянальнага банка, паведамляе БЕЛТА.
Агульны аб'ём купленай фізічнымі асобамі наяўнай і безнаяўнай замежнай валюты ў сакавіку склаў $790,7 млн, прададзенай - $852,8 млн. У цэлым за студзень - сакавік бягучага года продаж фізічнымі асобамі наяўнай і безнаяўнай замежнай валюты перавысіў яе куплю на $33,3 млн.
Суб'екты гаспадарання - рэзідэнты Беларусі ў сакавіку выступілі ў ролі чыстых пакупнікоў замежнай валюты. Зыходзячы з даных Нацыянальнага банка, прадпрыемствы купілі на $232,8 млн валюты ў эквіваленце больш, чым прадалі. Агульны аб'ём купленай юрыдычнымі асобамі замежнай валюты ў сакавіку склаў $2,414 млрд, прададзенай - $2,181 млрд.
За студзень - сакавік купля юрыдычнымі асобамі замежнай валюты перавысіла яе продаж на $501,6 млн.-0-