
19 мая, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Краіны Еўразійскага эканамічнага саюза збліжаюць пазіцыі па пытаннях фарміравання агульных рынкаў газу, нафты і нафтапрадуктаў. Аб гэтым заявілі ў прэс-службе Еўразійскай эканамічнай камісіі па выніках пасяджэння Савета кіраўнікоў упаўнаважаных органаў дзяржаў ЕАЭС у сферы энергетыкі, якое прайшло пад старшынствам члена Калегіі (міністра) па энергетыцы і інфраструктуры ЕЭК Арзыбека Кажошава, паведамляе БЕЛТА.
"У ходзе сустрэчы кіраўнікі міністэрстваў энергетыкі еўразійскай пяцёркі абмеркавалі найбольш актуальныя пытанні фарміравання агульнага рынку газу і агульных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў, работу агульнага электраэнергетычнага рынку, правілы ўзаемнага гандлю і функцыі аператара цэнтралізаванага гандлю электраэнергіяй на суткі наперад", - сказалі ў прэс-службе.
Арзыбек Кажошаў адзначыў неабходнасць вырашэння пытанняў, па якіх бакам працяглы час не ўдавалася дасягнуць кансэнсусу, а таксама іх гатоўнасць да канструктыўнага дыялогу. "Пошук рашэнняў па важных для бакоў пытанняў будзе прадоўжаны як на двухбаковай аснове, так і на больш высокім узроўні ў мэтах хутчэйшага завяршэння і прыняцця асноўных дакументаў па агульных рынках", - падкрэсліў ён.
"Міністры энергетыкі краін ЕАЭС прапанавалі ўзмацніць узаемадзеянне ў рамках правядзення двухбаковых кансультацый па ўрэгуляванні асобных пытанняў функцыянавання агульных энергарынкаў", - дадалі ў прэс-службе.
"Акрамя таго, у рамках сустрэчы Арзыбек Кажошаў адзначыў уклад міністра энергетыкі Беларусі Віктара Каранкевіча ў развіццё еўразійскай інтэграцыі і ад імя Еўразійскай эканамічнай камісіі ўручыў памятны нагрудны знак", - праінфармавалі ў ЕЭК.-0-