ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Чацвер, 26 мая 2022
Мінск Малавоблачна +10°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
26 студзеня 2022, 14:57

ДМК: у сувязі з харчэмбарга ўзмоцнены мытны кантроль па ўсім перыметры граніцы

26 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У сувязі з увядзеннем харчовага эмбарга ўзмоцнены мытны кантроль па ўсім перыметры граніцы. Аб гэтым паведамілі сёння журналістам прадстаўнікі Дзяржаўнага мытнага камітэта, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Беларусь з 1 студзеня ў адказ на санкцыі ўвяла харчовае эмбарга на шэраг тавараў з дзяржаў, якія ажыццяўляюць недружалюбныя дзеянні ў адносінах да нашай краіны. Забарона на ўвоз распаўсюджваецца на шэраг тавараў з Еўрапейскага саюза і яго дзяржаў-членаў, Злучаных Штатаў Амерыкі, Канады, Нарвегіі, Албаніі, Ісландыі, Паўночнай Македоніі, Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі, Чарнагорыі, Швейцарыі. У пераліку забароненых тавараў - свінні, мяса буйной рагатай жывёлы, свініна, шэраг субпрадуктаў, мяса салёнае, у расоле, сушанае або вэнджанае, харчовая мука з мяса або мясных субпрадуктаў, малако і малочная прадукцыя (з некаторымі выключэннямі), агародніна, акрамя прызначанай для сяўбы, фрукты і арэхі, тлушч свіны і тлушч свойскай птушкі, тлушч буйной рагатай жывёлы, авечак або коз, лярд-стэарын і іншыя жывёльныя маслы, каўбасы і аналагічныя прадукты, кандытарскія вырабы, соль і іншыя тавары.

"З пачатку года мы не прапусцілі на тэрыторыю краіны 29 грузавікоў, якія везлі забаронены тавар пад выглядам іншага тавару. Былі складзены адпаведныя пратаколы. Мы не толькі працуем па знешняй граніцы ў пунктах пропуску, але і мабільнымі групамі кантралюем беларуска-расійскі ўчастак граніцы, каб адтуль не былі завезены тавары, якія ў нас забаронены", - расказаў старшыня ДМК Уладзімір Арлоўскі.

Намеснік старшыні ДМК Эдуард Даніловіч адзначыў, што ў сувязі з увядзеннем харчовага эмбарга быў узмоцнены мытны кантроль па ўсім перыметры граніцы. "Мы ўзмацнілі кантроль дакументаў, якія пацвярджаюць краіну паходжання тавару. Калі ёсць падазрэнні, прымаем рашэнні аб арганізацыі дадатковых надглядных мерапрыемстваў. Пры выяўленні прыкмет правапарушэння праводзім праверку, устанаўліваем вінаватых і прымаем рашэнне ў адпаведнасці з заканадаўствам. За незаконнае перамяшчэнне забароненых тавараў на нашу тэрыторыю прадугледжана як адміністрацыйная, так і крымінальная адказнасць", - падкрэсліў ён.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі