
23 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чарговы планава-папераджальны рамонт на БелАЭС запланаваны на чацвёрты квартал 2023 года. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Чарговы планава-папераджальны рамонт на БелАЭС запланаваны на IV квартал бягучага года. Будзе выкананы пашыраны кантроль тэхналагічных сістэм, кантроль металу абсталявання рэактарнага і турбіннага аддзялення і іншыя мерапрыемствы", - расказаў Віктар Каранкевіч.
Будзе таксама праведзена чарговая перагрузка ядзернага паліва. Усяго ў актыўнай зоне рэактара энергаблока знаходзяцца 163 цеплавылучальныя зборкі са свежым ядзерным палівам. Штогод патрабуецца замена каля 25 працэнтаў з іх.
У рамонце будуць задзейнічаны як беларускія арганізацыі, якія маюць адпаведныя кампетэнцыі і неабходны вопыт, у тым ліку "Белэнергарамналадка", так і расійскія, сярод якіх адзін з асноўных партнёраў - кампанія "Русатам Сэрвіс".-0-