
20 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рашэнне аператыўна-сітуацыйнага штаба дасць магчымасць падтрымаць рэалізацыю каля сотні інвестпраектаў. Аб гэтым заявіў сёння першы намеснік міністра эканомікі Юрый Чабатар, каменціруючы інфармацыю аб магчымасці прадаўжэння тэрмінаў рэалізацыі інвестпраектаў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Юрый Чабатар нагадаў, што адпаведныя паўнамоцтвы адносна інвестпраектаў, якія рэалізуюцца згодна з рашэннем кіраўніка дзяржавы, былі дэлегаваны Савету Міністраў указам нумар 93. "У чэрвені аператыўна-сітуацыйны штаб рэкамендаваў дзяржорганам прадаўжаць тэрміны рэалізацыі і іншых інвестыцыйных праектаў. Тым самым гэтай мерай падтрымкі было ахоплена больш шырокае кола бізнес-ідэй, у прыватнасці, рэалізуемых без спецыяльнага рашэння Прэзідэнта. Магчымасць прадаўжэння тэрмінаў і ўмоў рэалізацыі да 3 гадоў дасць магчымасць інвестару пазбегнуць штрафных санкцый. Паводле нашых ацэнак, гэта будзе значная падтрымка для сотні інвестпраектаў, завяршаемых у гэтым і наступным гадах, якія патэнцыяльна падпадаюць пад дзеянне названага рашэння", - расказаў першы намеснік міністра.
Таксама Юрый Чабатар анансаваў новыя меры падтрымкі і стымулявання інвестыцыйнай дзейнасці, якія знайшлі адлюстраванне ў праекце закона "Аб садзейнічанні і стымуляванні рэалізацыі інвестыцыйных праектаў у Рэспубліцы Беларусь", што распрацоўваецца цяпер. "Гэта даволі сур'ёзны дакумент, які будзе прыняты ўзамен Дэкрэта нумар 10. Ён прадугледжвае ў ліку іншага шэраг ільгот, гарантаваных дзяржавай для рэалізацыі інвестпраектаў: па падаткаабкладанні і мытных плацяжах, зямельных пытаннях і будаўніцтве. Плюс уводзіцца стабілізацыйная агаворка. Таксама плануецца спрасціць рэалізацыю інвестпраектаў у рэгіёнах, замацаваць асаблівы прававы рэжым па заключэнні спецыяльных інвестыцыйных дагавораў. Прымаючы такія меры, мы істотна павысім канкурэнтаздольнасць айчыннай юрысдыкцыі", - рэзюмаваў першы намеснік міністра эканомікі.-0-