Сцяг Нядзеля, 14 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
29 студзеня 2024, 14:40

БУТБ пачала супрацоўнічаць з вялікай кітайскай гандлёвай платформай 

29 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларуская ўніверсальная таварная біржа ўстанавіла партнёрскія адносіны з холдынгам Osell Group, які аб’ядноўвае шэраг электронных гандлёвых пляцовак для кітайскіх вытворцаў і садзейнічае іх выхаду на знешнія рынкі. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе БУТБ.

Лічбавай экасістэмай Osell Group карыстаюцца тысячы кампаній з розных галін прамысловасці і сельскай гаспадаркі, а мэтай супрацоўніцтва з БУТБ з’яўляецца ўключэнне прадстаўнікоў бізнесу КНР у трансгранічны гандаль на беларускай біржавой платформе.

Першым сумесным мерапрыемствам, арганізаваным у рамках узаемадзеяння паміж БУТБ і Osell Group, стаў круглы стол для дзелавых колаў правінцыі Цзянсу, праведзены ў горадзе Усі. У ходзе дыскусіі абмеркаваны магчымасці прымянення інструментаў біржавога гандлю пры рэалізацыі прадукцыі, выпускаемай прадпрыемствамі правінцыі Цзянсу, а таксама перспектывы закупак праз БУТБ запатрабаваных у Кітаі беларускіх тавараў.

Як адзначыў кіраўнік прадстаўніцтва БУТБ у Шанхаі Аляксей Дыкуша, біржа зацікаўлена ў пашырэнні прысутнасці вытворцаў з Кітая на біржавых таргах і гатова аказаць дапамогу любому прадпрыемству, якое захоча пастаўляць сваю прадукцыю на рынак Беларусі.

"Біржавы гандаль прамысловымі і спажывецкімі таварамі – адзін з напрамкаў, якія дынамічна развіваюцца, і па выніках мінулага года ён вырас у вартасным выражэнні ў 1,7 раза. Пры гэтым нараўне з прадукцыяй беларускай і расійскай вытворчасці высокім попытам ва ўдзельнікаў таргоў карысталіся тавары з Кітая. У сувязі з гэтым не спыняецца работа па прыцягненні на біржу кітайскіх пастаўшчыкоў, а зусім нядаўна быў акрэдытаваны першы біржавы брокер, які сканцэнтраваўся на рабоце з малым і сярэднім бізнесам КНР. Улічваючы высокі ўзровень развіцця і значны экспартны патэнцыял правінцыі Цзянсу, прадпрыемствы рэгіёна змогуць хутка знайсці пакупнікоў сярод амаль 26 тыс. рэзідэнтаў Беларусі, прадстаўленых на БУТБ", - лічыць Аляксей Дыкуша.

ААТ "Беларуская ўніверсальная таварная біржа" створана ў 2004 годзе. Першыя таргі адбыліся ў чэрвені 2005 года. БУТБ - адна з буйнейшых таварных біржаў ва Усходняй Еўропе. Галоўная функцыя біржы - садзейнічанне беларускім прадпрыемствам у экспарце прадукцыі і дапамога замежным кампаніям у выхадзе на беларускі рынак. На біржы прадаецца метала-, леса-, сельгаспрадукцыя, прамысловыя і спажывецкія тавары шырокай наменклатуры.

Прадстаўніцтва БУТБ у Шанхаі адкрылася ў 2023 годзе з мэтай пашырэння пула кітайскіх карыстальнікаў біржавой пляцоўкі, прасоўвання беларускіх тавараў на рынку Кітая і арганізацыі паставак запатрабаванай у Беларусі імпартазамяшчальнай прадукцыі. Пры ўдзеле прадстаўніцтва на біржы былі акрэдытаваны 19 новых рэзідэнтаў КНР, у тым ліку адзін біржавы брокер.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі