
4 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання змяніла гранічныя мінімальныя цэны на тавары, якія рэалізуюцца па знешнегандлёвых дагаворах. Гэта прадугледжана пастановай ведамства ад 3 красавіка 2023 года нумар 45, якая афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведамляе БЕЛТА.
Згодна з дакументам, малако і вяршкі, згушчаныя або з дабаўленнем цукру, у парашку, гранулах або ў іншых цвёрдых відах (не больш за 1,5 працэнта тлустасці) у краіны ЕАЭС, СНД і краіны па-за Садружнасцю (акрамя Грузіі) будуць рэалізоўваць не танней за $2,7 за 1 кг. Для Расійскай Федэрацыі кошт устаноўлены не ніжэй за 200 расійскіх рублёў за 1 кг. У такія краіны, як Бангладэш, В'етнам, Егіпет, Інданезія, Емен, Катар, Кітай, Малайзія, Манголія, Аман, Сірыя і Саудаўская Аравія прадукцыю будуць прадаваць не танней за $2,35 за 1 кг.
Акрамя таго, сметанковае масла з колькасцю малочнага тлушчу ад 80 працэнтаў можна адпускаць у Расію па экспартнай цане 450 расійскіх рублёў за 1 кг, у краіны ЕАЭС і СНД - за $6,9 за 1 кг, а для іншых краін кошт складзе не ніжэй за $6,1. Для Егіпта, Сербіі, а цяпер яшчэ і Турцыі ўстаноўлена спецыяльная цана - $5,9.
У пастановае таксама пазначана, што кошт на сыры ў залежнасці ад тлустасці за 1 кг для Расійскай Федэрацыі ўстаноўлены ў межах ад 300 да 420 расійскіх рублёў, для краін ЕАЭС і СНД - ад $6,1 да $6,15, а для іншых краін - ад $6 да $6,1. Для Егіпта і Сербіі дзейнічаюць спецыяльныя цэны - $4,5-4,6 за 1 кг.
Кошт прадукцыі ўстанаўліваецца ў залежнасці ад рэгіёна экспарту: Расія, краіны ЕАЭС (акрамя Расіі), краіны СНД і Грузія (акрамя краін ЕАЭС), краіны па-за СНД (акрамя Грузіі).
Пастанова ўступае ў сілу з 4 красавіка.-0-