
19 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пагадненне аб парадку распрацоўкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Саюзнай дзяржавы і інфармацыйным узаемадзеянні па эканамічных пытаннях заклала трывалы фундамент для выбудоўвання паўнацэннай сістэмы саюзнага планавання і прагназавання. Аб гэтым заявіў міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў пасля падпісання пагаднення, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства эканомікі.
Пагадненне было прадугледжана саюзнай праграмай па збліжэнні макраэканамічнай палітыкі. "Падпісанае пагадненне заклала трывалы фундамент для выбудоўвання паўнацэннай сістэмы саюзнага планавання на каротка-, сярэдне- і доўгатэрміновыя перыяды. Для бізнесу нашых краін важны стратэгічны гарызонт планавання, патрэбны індыкатары развіцця эканомік. Вызначанасць у гэтых пытаннях значна спросціць і паскорыць працэсы фарміравання бізнес-планаў, фінансавых мадэлей развіцця вытворчасцей і інвестпраектаў", - сказаў Аляксандр Чарвякоў.
Яшчэ адным аспектам стала інфармацыйнае ўзаемадзеянне. У гэтай сферы з расійскім бокам даўно наладжана цеснае супрацоўніцтва, аднак яго трэба замацаваць для прыняцця скаардынаваных рашэнняў і пашырэння двухбаковых сувязей.
"Паспяховая рэалізацыя пагаднення стане чарговым крокам для павышэння эфектыўнасці макраэканамічнай палітыкі, будзе садзейнічаць фарміраванню адзіных прынцыпаў функцыянавання эканомік нашых дзяржаў і забеспячэнню іх эфектыўнага ўзаемадзеяння ў рамках Саюзнай дзяржавы", - падкрэсліў кіраўнік Мінэканомікі.-0-