ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Аўторак, 29 лістапада 2022
Мінск -3°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
21 верасня 2022, 09:03

Башкортастану цікавая беларуская тэхніка. Хабіраў аб новых праектах супрацоўніцтва

Радзій Хабіраў
Радзій Хабіраў

21 верасня, Уфа /Кар. БЕЛТА/. Башкортастану цікавая беларуская тэхніка. Аб гэтым кіраўнік Рэспублікі Башкортастан Радзій Хабіраў заявіў журналістам пасля рабочай сустрэчы з прэм'ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Радзій Хабіраў у размове з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі адзначыў, што адносіны Башкортастана з Беларуссю былі традыцыйна моцнымі і стабільнымі. І цяпер само жыццё падштурхоўвае да больш імклівага іх развіцця. Ён адзначыў, што ў сувязі з гэтым вельмі прагматычнай з'яўляецца прапанова Рамана Галоўчанкі аб стварэнні доўгатэрміновых праграм па сумеснай рабоце.

"Трэба задумацца і знайсці рашэнне, каб многія планы па нашай інтэграцыі, па тавараабмене мелі доўгатэрміновы характар. Сёння прынята рашэнне па доўгатэрміновых праграмах, цікавяць доўгатэрміновыя праграмы пастаўкі. Мы ва ўмовах санкцыйнага націску маем неабходнасць у сельгастэхніцы, камунальнай і дарожнай тэхніцы. І каб нашым беларускім партнёрам было зручна фарміраваць план вытворчасці, а нам разумець, што нам трэба, і гэта закладваць у нашы бюджэты, мы і дамовіліся стварыць доўгатэрміновыя праграмы", - адзначыў Радзій Хабіраў.

Кіраўнік Рэспублікі Башкортастан адзначыў, што цяпер актыўна рэалізоўваюцца сумесныя праекты, якія былі раней прапісаны ў дарожнай карце супрацоўніцтва. "Гэта вельмі разнапланавыя мерапрыемствы, пачынаючы ад машынабудавання і ўнутранай узаемнай кааперацыі і завяршаючы гуманітарным супрацоўніцтвам. І што важна па гэтай сустрэчы - мы намецілі новы пункт, аб якім да апошняга часу не гаварылі. Гэта станкабудаванне. Нашы прадпрыемствы адчуваюць недахоп станкоў, якія па тых ці іншых прычынах цяпер не пастаўляюцца ў нашу рэспубліку, таму дзякуючы больш глыбокай кааперацыі магчыма стварэнне магутнага станкабудаўнічага кластара, каб запоўніць нашу патрэбнасць", - расказаў ён.

Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка адзначыў, што гэта сустрэча паклала пачатак сур'ёзнай сумеснай рабоце. На думку прэм'ер-міністра, сёння ў Рэспублікі Башкортастан і Беларусі шмат сумесных праектаў, якія даюць магчымасць выйсці на той рубеж у памеры $1 млрд, які абазначыў раней Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Галоўчанка падкрэсліў, што і бізнес, і чыноўнікі матываваны на вынік. "У нас супрацоўніцтва шматпланавае, гэта не толькі экспартна-імпартныя ўзаемныя пастаўкі, якія таксама ў гэтым годзе дэманструюць добры вынік, але і кааперацыйныя праекты. Гэта вельмі важна для таго, каб мы змаглі аб'яднаць наш навуковы і прамысловы патэнцыял", - адзначыў Раман Галоўчанка.

20 верасня ва Уфе кіраўнік Башкортастана Радзій Хабіраў уручыў прэм'ер-міністру Беларусі Раману Галоўчанку ордэн Дружбы, пажадаўшы і далей актыўна працаваць над сумеснымі праектамі на агульную карысць.

Гэта высокая дзяржаўная ўзнагарода, якой могуць быць удастоены як грамадзяне Расійскай Федэрацыі, так і грамадзяне замежных дзяржаў, - за асаблівыя заслугі ва ўмацаванні міру, дружбы, супрацоўніцтва і ўзаемаразумення паміж народамі, за вялікі ўклад у рэалізацыю сумесных з Расійскай Федэрацыяй значных эканамічных праектаў і прыцягненне інвестыцыйных сродкаў у эканоміку Расійскай Федэрацыі, развіццё двухбаковага і шматбаковага супрацоўніцтва, стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва з Расійскай Федэрацыяй у палітычнай, ваеннай, сацыяльна-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, экалагічнай, дэмаграфічнай, інфармацыйнай, гуманітарнай і іншых сферах, развіццё інтэграцыйных працэсаў і іншыя заслугі перад Расійскай Федэрацыяй.

Першы дзень візіту ўрадавай дэлегацыі Беларусі ва Уфу завяршыўся экскурсіяй па Цэнтры кіравання рэспублікай і ўрачыстым канцэртам.

Другі дзень знаходжання ўрадавай дэлегацыі Беларусі ў Башкортастане пройдзе пад знакам умацавання міжнароднага супрацоўніцтва і развіцця сумесных бізнес-праектаў. Мяркуецца, што будзе падпісаны шэраг значных дакументаў практычнай накіраванасці. Як паведамілі ў прэс-службе беларускага ўрада, сёння ва Уфе адбудзецца адкрыццё дылерскага цэнтра па продажы грузавой тэхнікі ААТ "Мінскі аўтамабільны завод" і ТАА "Дарэлектрамаш". Таксама ў сталіцы Башкортастана ў рамках візіту беларускай дэлегацыі пройдзе цырымонія закладкі капсулы будаўніцтва завода па вытворчасці машын і абсталявання для пасляўборачнай апрацоўкі збожжа ААТ "Амкадор". Праграмай візіту прадугледжаны ўдзел беларускай дэлегацыі ў міжнародным кангрэсе "Транспарт і будаўніцтва", наведванне буйнейшых прадпрыемстваў Башкортастана і Татарстана, перагаворы з кіраўніцтвам рэспублік, мноства бізнес-сустрэч, па выніках якіх плануецца падпісанне канкрэтных дагавораў аб супрацоўніцтве.

Урадавая дэлегацыя Беларусі на чале з прэм'ер-міністрам наведвае Уфу і Казань з 20 па 22 верасня. У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі розных міністэрстваў і ведамстваў, кіраўнікі такіх беларускіх прадпрыемстваў, як МТЗ, МАЗ, "Белкамунмаш", "АМКАДОР", "Гарызонт".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі