
4 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дырэктыва нумар 10 "Аб недапушчальнасці росту цэн" выканана, у далейшай рабоце бізнесу трэба карыстацца пастановай урада нумар 713. Аб гэтым заявіў сёння журналістам міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Дырэктыва нумар 10 "Аб недапушчальнасці росту цэн" у частцы даручэння кіраўніка дзяржавы аб стварэнні сістэмы рэгулявання цэн выканана, выдадзена пастанова Савета Міністраў нумар 713. У далейшай рабоце неабходна карыстацца пастановай урада", - сказаў Аляксей Багданаў.
З моманту прыняцця пастановы МАРГ пачаў шырокамаштабную работу па растлумачэнні яе палажэнняў. "Мы падзялілі ўсё на два этапы. Спачатку мы праводзілі растлумачальную работу ў фармаце відэа-канферэнц-сувязі з усімі абласцямі і зацікаўленымі дзяржорганамі. А з учарашняга дня пачалі выязныя мерапрыемствы. Прыязджаем у аблвыканкамы, райвыканкамы, збіраем там людзей. Атрымліваем зваротную сувязь, бачым, якія ўзнікаюць пытанні", - адзначыў міністр.
"Трэба, каб людзі разумелі: цяпер мы будзем жыць і працаваць менавіта ў гэтай парадыгме фарміравання справядлівай абгрунтаванай цаны. Калі цана і будзе павышацца, то толькі кантралюема. І імпарцёры, і вытворцы, і аптавікі, і гандлёвае звяно цяпер павінны перабудаваць сваю работу", - падкрэсліў кіраўнік МАРГ.
Паводле яго слоў, месцамі ўжо адзначаецца зніжэнне цэн, уводзяцца ў абарот новыя тавары, якія ацэньваюцца па новай ужо сістэме, з паніжанымі гандлёвымі надбаўкамі. "Суб'екты гаспадарання ставяцца да выканання сваіх абавязкаў адказна", - дадаў ён.-0-