ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Серада, 17 жніўня 2022
Мінск Малавоблачна +26°C
Усе навіны
Усе навіны
Эканоміка
01 ліпеня 2022, 15:37

Аграрыі трох раёнаў Гомельскай вобласці пачалі ўборку азімага ячменю

1 ліпеня, Добрушскі раён /Кар. БЕЛТА/. Тры раёны Гомельскай вобласці пачалі выбарачную ўборку азімага ячменю. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам першы намеснік старшыні аблвыканкама Дзмітрый Козел, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Жніво пачалі Лельчыцкі, Лоеўскі і Добрушскі раёны, удакладніў Дзмітрый Козел. "На сёння ў сярэднім па азімым ячмені мы маем 38 ц/га. Усяго ўборцы падлягаюць 6,6 тыс. га гэтай культуры", - сказаў ён.

Паводле слоў першага намесніка старшыні, у наступным годзе плошчы азімага ячменю плануецца наблізіць да 50 тыс. га. "Клімат змяніўся. Культура добра паказала сябе ў Гомельскай вобласці, будзем рабіць стаўку на яе", - падзяліўся планамі Дзмітрый Козел.

Сярод тых, хто вывеў камбайны ў поле, ААТ "Чырвоная Буда" Добрушскага раёна. Пад азімы ячмень у гаспадарцы адведзена 75 га. "Мы правялі абследаванні ўрочышча, якія паказалі: настаў тэхналагічны тэрмін. У бягучым годзе ў нашай гаспадарцы разлікі на ўраджай нядрэнныя, хоць былі і замаразкі, і праліўныя дажджы, і затым засуха. Думаю, у цэлым па ўсіх культурах мы возьмем каля 30 ц з круга", - адзначыла дырэктар прадпрыемства Ірына Бяздольная.

Перад стартам важнай кампаніі тут па традыцыі правялі абрад "Зажынкі". І няхай працэс уборкі збожжа цяпер поўнасцю механізаваны, каб усё адпавядала традыцыям продкаў, першыя каласкі сярпом зрэзала жанчына - галоўны аграном гаспадаркі Надзея Асіпенка.

Дзмітрый Козел пажадаў аграрыям пабіць ранейшыя рэкорды. "Няхай не падводзяць ні надвор'е, ні тэхніка", - сказаў ён.

"Будзем старацца ўбіраць ураджай так, каб не страціць ні зернетка і ўсё збожжа пакласці ў засекі. Усё для гэтага ў нас ёсць",- запэўніла кіраўнік прадпрыемства.

Як заўважыў старшыня Добрушскага райвыканкама Аляксандр Матарас, добры старт у любым працэсе - залог будучай перамогі. "Ганарова і ў той жа час адказна быць сярод першых, якім з'яўляецца сёлета Добрушскі раён у пачатку жніва. Нам трэба будзе ўбраць на палях каля 30 тыс. га збожжавых. 70 камбайнаў будуць працаваць на нашых нівах. Ураджай, які мы бачым, дае нам падставу разлічваць на добры вынік", - падкрэсліў ён.

Першы круг, які прайшлі камбайны, паказаў: ураджайнасць вышэйшая, чым летась.

"Галоўнае, каб надвор'е не падвяло", - падзяліўся механізатар Канстанцін Хузееў. Для яго цяперашняе жніво ўжо дзясятае. Як і мінулыя гады, ён мае намер увайсці ў лік тысячнікаў. "Сядаеш за руль - і адразу атрымліваеш адрэналін. Я заўсёды на ўборцы ўваходжу ў першую тройку. Асабісты рэкорд быў у мінулым годзе - намалаціў 1,5 тыс.", - расказаў ён.

У масавую ўборку азімага ячменю іншыя раёны вобласці маюць намер уключыцца да 10 ліпеня - з улікам індывідуальных асаблівасцей кожнага поля, дадаў Дзмітрый Козел. Ён удакладніў, што аграрыі рэгіёна таксама ўбіраюць свірэпіцу і зялёны гарошак.

Усяго збожжавыя каласавыя культуры ў вобласці займаюць 344 тыс. га, з іх азімыя - 240 тыс. га. Крупяныя культуры трэба будзе ўбраць на плошчы больш як 8 тыс. га. Пад кукурузу на зерне адведзена 78,6 тыс. га.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі