
20 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Неабходна сінхранізаваць працэсы сумеснай лічбавізацыі ў ЕАЭС. Аб гэтым заявіла намеснік міністра эканомікі Алеся Абраменка на панэльнай сесіі "Лічбавая трансфармацыя ўнутраных рынкаў ЕАЭС" V Еўразійскага лічбавага форуму ў рамках ТІБО-2023, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе Мінэканомікі.
На думку Алесі Абраменка, у развіцці эканомікі лічбавізацыя выходзіць на першы план, дазваляючы палепшыць якасць паслуг, спрасціць і паскорыць працэсы гандлю, тым самым павысіўшы іх эфектыўнасць. Аднак, як паказала практыка, яна можа стаць і бар'ерам для ўзаемнага гандлю ў Еўразійскім эканамічным саюзе. "Калі мы ўводзім якія-небудзь новыя патрабаванні, пераводзячы дакументы ў электронны выгляд, мы ідзём у нагу з часам. Але няўзгодненасць у гэтым руху можа прывесці (і, як мы ўжо бачым, прыводзіць) да няроўных умоў на агульным рынку. Адным з прыкладаў сур'ёзных выдаткаў такой сітуацыі стала праблема забеспячэння кантролю і прасочвальнасці лесаматэрыялаў, - сказала намеснік міністра. - У слабай узгодненасці дзеянняў ёсць і іншы негатыўны эфект. У апошнія два-тры гады дзяржавы - члены ЕАЭС істотна рушылі наперад у фарміраванні нацыянальных сістэм лічбавай эканомікі. Як вынік - сталі прабуксоўваць нашы агульныя лічбавыя трэкі. Паказальны прыклад - Еўразійская сетка прамысловай кааперацыі, субкантрактацыі і трансферу тэхналогій. Праект быў прызначаны павысіць эфектыўнасць узаемадзеяння суб'ектаў гаспадарання, у тым ліку прастымуляваць інавацыйныя працэсы шляхам трансферу тэхналогій. Аднак у краінах ЕАЭС ужо створаны аналагічныя сістэмы, з дапамогай якіх прадпрыемствы вырашаюць пытанні імпартазамяшчэння, атрымання льгот, заключэння і суправаджэння кантрактаў. А інтэграцыйны праект знаходзіцца ў распрацоўцы з 2019 года і да гэтага часу не завершаны".
Як падкрэсліла Алеся Абраменка, у працэсах сумеснай лічбавізацыі трэба вярнуцца да зыходнай кропкі: абмеркавання прынцыпаў узаемадзеяння нацыянальных і наднацыянальнага кампанентаў інфармацыйных сістэм. "Сёння агульныя падыходы да лічбавізацыі ў ЕАЭС нам у Беларусі бачацца такімі. Па-першае, усе дзяржавы-члены павінны знаходзіцца ў роўных умовах пры рэалізацыі лічбавых ініцыятыў, па-другое, лічбавыя працэдуры павінны быць няцяжкімі для карыстальнікаў, па-трэцяе, узгодненымі павінны быць не толькі абменныя інфармацыйныя працэсы, але і пытанні абароны інфармацыі і персанальных даных, папярэджання ўцечак інфармацыі, і па-чацвёртае, ЕЭК павінна выступаць каардынатарам і трымальнікам наднацыянальнага кампанента еўразійскіх інфармацыйных сістэм", - расказала яна.
Станоўчыя прыклады сумеснага выкарыстання патэнцыялу лічбавізацыі ў саюзе ёсць, падкрэсліла намеснік міністра. "Сярод іх абмен інфармацыяй мытных службаў, сістэмы прасочвальнасці сельскагаспадарчай прадукцыі, дадатак "Падарожнічаю без COVID" і шэраг іншых. Усе яны сталі магчымы менавіта таму, што ў іх аснове ляжаць агульныя падыходы, якія ўлічваюць інтарэсы кожнай з нашых краін", - рэзюмавала намеснік кіраўніка эканамічнага ведамства.-0-