ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 2 кастрычніка 2023
Мінск Ясна +15°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 чэрвеня 2023, 10:28

Зоркі беларускай эстрады выступілі з дабрачынным канцэртам "Ад сэрца да сэрца"

Ядвіга Паплаўская. Фота з архіва
Ядвіга Паплаўская. Фота з архіва

6 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зоркі беларускай эстрады выступілі для жыхароў псіханеўралагічных дамоў-інтэрнатаў Мінска і Мінскай вобласці. Чаму для іх быў важны гэты канцэрт, карэспандэнт БЕЛТА даведалася з першых вуснаў.

Летні канцэрт "Ад сэрца да сэрца" ўжо 14 гадоў арганізоўвае Дабрачынны фонд імя народнага артыста Беларусі Аляксандра Ціхановіча і заснавальніка фонду Сяргея Доўгаля "Спірас". Ён з'яўляеца добрай традыцыяй, дзякуючы якой у людзей з інваліднасцю - дзяцей і дарослых - з'яўляецца магчымасць прыняць удзел у свяце, адчуць любоў, сяброўства і падтрымку. А для некаторых гэта магчымасць сустрэцца са сваімі братамі і сёстрамі, якія пражываюць у розных дамах-інтэрнатах.

У канцэрце прынялі ўдзел шмат зорак беларускай эстрады. Народная артыстка Беларусі Ядвіга Паплаўская, якая разам з мужам Аляксандрам Ціхановічам некалі стаялі ля вытокаў гэтай традыцыі, адзначыла: "Гэты канцэрт - доўгачаканая сустрэча, якую мы чакаем кожны год. Сёння ўсе сагрэліся і любоўю адзін да аднаго, і добрым надвор'ем. Сёння мы ўсе адчулі шчырасць, хараство і любоў".

Паводле яе слоў, канцэрт падарыў адчуванне, што яго ўдзельнікі зрабілі добрую справу. "Добрыя справы не забываюцца. І гэта сустрэча, як і папярэднія, накладае глыбокі адбітак на ўсіх, - сказала народная артыстка. - Удзел у гэтым канцэрце - яскравы прыклад таго, што ты шчыра аддаеш шмат цяпла, сапраўднай любові, таму што перад такімі людзьмі інакш нельга, яны гэта адчуваюць. Таму шчырасць літаральна запаланіла ўсю нашу кампанію".

Яна таксама расказала, як ствараліся фонд "Спірас" і традыцыя канцэртаў "Ад сэрца да сэрца". "Наша сям'я займалася дабрачыннасцю заўсёды, яшчэ да стварэння фонду. Арганізацыйна яго стваралі, калі яшчэ былі жывыя Саша (Аляксандр Ціхановіч. - Заўвага БЕЛТА) і Сяргей Доўгаль. Гэта два нястомныя, нацэленыя на дабро, падтрымку, клопат пра іншых, чалавекі. Яны зрабілі тое, што цяпер ужо вельмі шмат гадоў прыносіць радасць і тым, для каго мы служым, і нам", - дадала Ядвіга Паплаўская.

Падзяліўся меркаваннем пра канцэрт і заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Саладуха. "Для мяне аднолькава важны любыя канцэрты: ці гэта будуць канцэрты па білетах, заказныя мерапрыемствы ці гэта дабрачынныя канцэрты. Я адгукаюся заўсёды, калі свабодны, і не шкадую. Паколькі бачу, якая рэакцыя ў людзей. Бачу, што гэта людзям трэба, што яны прымаюць, гавораць дзякуй, дораць падарункі", - адзначыў ён.

Ад сустрэчы з публікай спявак атрымаў самыя цудоўныя эмоцыі. "Я працую з любой публікай аднолькава, хто б гэта ні быў - дзеці, ваенныя, кіраўніцтва краіны, простыя людзі, інваліды. Людзі, перад якімі я выступаў сёння, мегашчырыя. У іх, як у дзяцей, усё чытаецца ў вачах. Яны гатовы аддаць усё - сэрца і душу", - заўважыў артыст.

Аляксандр Саладуха падкрэсліў, што ў Беларусі дапамога людзям з інваліднасцю добра арганізавана. "У кожнага свой лёс, у некага крыху пакалечаны. Дзякуй богу, што дзяржава аказвае дапамогу. Створана шмат устаноў па ўсёй краіне", - адзначыў ён і выказаў словы павагі Прэзідэнту за тое, што гэтыя людзі атрымліваюць дапамогу.

Пра свой удзел у канцэрце расказаў і спявак Тэа. Паводле яго слоў, гэта стала ўжо добрай традыцыяй. У канцэртах ён удзельнічае гадоў пяць. Больш таго, ніхто з артыстаў-удзельнікаў ніколі не прыдумваў нейкія прычыны, каб не быць тут. На гэтым канцэрце збіраецца ўся беларуская эстрада, і мерапрыемства ператвараецца ў маштабнае свята. Спявак упэўнены, што такіх свят павінна быць больш.

Падзялілася меркаваннем пра канцэрт і спявачка Аляксандра Гайдук: "Я, як і многія артысты, разумею, што ў жыцці трэба несці людзям штосьці светлае, добрае і цудоўнае. І я раблю гэта праз музыку, праз словы, праз свае адносіны да людзей".

Гаворачы пра важнасць такіх канцэртаў, Аляксандра Гайдук заўважыла, што дзякуючы такім мерапрыемствам "мы можам паказаць і даказаць людзям, што няма ніякіх межаў, няма падзелу на здаровых і людзей з праблемамі па здароўі, усё гэта ўмоўнасці". Артыстка прызналася, што шмат ездзіць па дамах-інтэрнатах і бачыць, што людзі, якія маюць праблемы са здароўем, часам значна разумнейшыя і мацнейшыя духам, напоўненыя невычэрпным энтузіязмам і прагай жыцця. "Для мяне гэта мерапрыемства, дзе я хачу выказаць глыбокую павагу да гэтых людзей. І, вядома ж, крыху ўзняць ім настрой, прыўнесці нотку радасці і прымусіць іх усміхнуцца", - дадала Аляксандра Гайдук.

У канцэрце прынялі ўдзел не толькі зоркі беларускай эстрады. Кампазіцыю "Ах, эти тучи в голубом" выканала падапечная псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў нумар 2 горада Мінска Вікторыя Няхайчык.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі