Сцяг Серада, 22 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 студзеня 2024, 12:00

Заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Саладуха адзначае 65-годдзе

Аляксандр Саладуха. Фота з архіва
Аляксандр Саладуха. Фота з архіва
18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Папулярны спявак заслужаны артыст Беларусі Аляксандр Саладуха адзначае сёння 65-гадовы юбілей.

Аляксандр Антонавіч Саладуха нарадзіўся 18 студзеня 1959 года ў вёсцы Каменкі Сергіева-Пасадскага раёна Маскоўскай вобласці ў сям’і настаўніцы і ваеннаслужачага.

У 1976 годзе скончыў сярэднюю школу ў горадзе Прыазёрску Казахскай ССР. Вучыўся ў музычнай школе па класе фартэпіяна. У старэйшых класах іграў на гітары, клавішных у школьным ВІА, быў адным з салістаў групы. У 1976 годзе паступіў на першы курс санітарна-гігіенічнага факультэта Карагандзінскага медыцынскага інстытута. У 1979 годзе з-за пераезду бацькоў у Мінск перавёўся ў Мінскі медыцынскі інстытут (цяпер Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт), які скончыў у 1982 годзе. Пасля заканчэння інстытута Саладуха год адпрацаваў па спецыяльнасці, затым яшчэ чатары - інспектарам рыбнагляду.

У 1987 годзе Аляксандр Саладуха стаў салістам Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусі. У 1989 годзе - салістам тэатра песні Ядвігі Паплаўскай і Аляксандра Ціхановіча. Менавіта тады спявак навучыўся трымаць публіку, выбудоўваць рэпертуар і размаўляць з гледачамі. У 1991 годзе Саладуха вырашыў пачаць сольную кар’еру, выступаючы з групай "Карусель". Спяваў на рускай і беларускай мовах, працуючы ў стылістыцы шлягернай песні.

Сярод найбольш вядомых песень артыста - "Здравствуй, чужая милая", "Виноград", "Неравный брак", "Карусель", "Сахар".

20 верасня 2007 года ў віцебскім Летнім амфітэатры адбыўся сольны канцэрт Аляксандра Саладухі, прысвечаны 20-гадоваму юбілею канцэртнай дзейнасці артыста.

У 2014 годзе спявак выступіў з вялікім сольным канцэртам у "Мінск-Арэне".

У 2022 годзе Аляксандр Антонавіч адсвяткаваў адразу некалькі юбілеяў: 35-годдзе сваёй прафесійнай дзейнасці і 30-годдзе самага вядомага хіта "Здравствуй, чужая милая".

У пачатку 2023 года артыст выпусціў свой 14-ы альбом.

Аляксандр Саладуха з’яўляецца ўладальнікам Нацыянальнай музычнай прэміі ў намінацыі "Лепшы гастрольны тур".

Спявак знакаміты не толькі сваімі хітамі, якія ведае практычна ўся краіна, але таксама і ўменнем здзіўляць грамадскасць. Ён не баіцца эксперыментаваць і ўжо не раз паўставаў перад публікай у розных незвычайных вобразах. У адным са сваіх інтэрв’ю Аляксандр Саладуха заявіў: "Усмешка 24 гадзіны ў суткі. Заўсёды на пазітыве. Заўсёды толькі наперад і ўверх. Нягледзячы ні на што. Сумны чалавек нікому не цікавы. Ён адштурхоўвае. Толькі ўсмешка, ззяючыя вочы! Так правільна жыць, так трэба жыць, так здорава жыць!"

У 2018 годзе за значны асабісты ўклад у развіццё і папулярызацыю беларускага мастацтва Аляксандр Саладуха быў удастоены ганаровага звання "Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь".-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі