ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 3 снежня 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць -4°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
10 жніўня 2022, 10:24

З нацыянальным каларытам: Х Міжнародны фестываль "Сожскі карагод" пройдзе 9-11 верасня ў Гомелі

Фота з архіва
Фота з архіва

10 жніўня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Х Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод" пройдзе ў Гомелі 9-11 верасня. Для ўдзельнікаў і гасцей свята рыхтуецца мноства сюрпрызаў, паведаміў журналістам начальнік упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гомельскага гарвыканкама Мікалай Святагор, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Фестываль, які палюбіўся ў творчых колах, збірае сяброў раз у два гады. Юбілейны форум павінен быў адбыцца ў 2020 годзе, аднак пандэмія ўнесла свае карэктывы. Цяпер жа "Сожскі карагод" зноў закружыць у Гомелі з міжнародным размахам.

Паводле слоў Мікалая Святагора, было пададзена каля 50 заявак, 40 з якіх адобраны. Нягледзячы на няпростую геапалітычную сітуацыю на міжнароднай арэне, гэта значная колькасць удзельнікаў. Напрыклад, у 2018 годзе было 30 калектываў. Чакаецца, што фестывальныя пляцоўкі прымуць каля 650 удзельнікаў з чатырох краін: Беларусі, Расіі, Казахстана і Кыргызстана. Новаўвядзенне юбілейнага форуму - конкурсная праграма сярод аматарскіх калектываў цыркавога мастацтва.

Чароўнае дзейства на сцэне падорыць дзяржаўны фальклорны ансамбль песні і танца "Нахчо" з Чачэнскай Рэспублікі. Адначасова ў танцы закружаць 20 пар. Прадугледжаны таксама сольны канцэрт ансамбля. Гэта толькі адзн з сюрпрызаў, якія рыхтуюць арганізатары. Усе карты раскрываць у аргкамітэце не хочуць - тым цікавей будзе назіраць за падзеямі на сцэне.

Дарэчы, традыцыйная пляцоўка для маштабнага адкрыцця фестывалю застаецца нязменнай - стадыён "Цэнтральны" ў Гомелі. Тут чарговы раз увасобіцца адна з аўтарскіх задум галоўнага рэжысёра форуму заслужанага работніка культуры Рэспублікі Беларусь Пятра Свярдлова. Толькі ў гэты вечар на стадыёне будзе задзейнічана каля тысячы чалавек, не лічачы гледачоў на трыбунах. У тэхнічным плане арыгінальна будзе аформлена галоўная сцэна фестывалю.

Мікалай Святагор крыху прыадкрыў і зорнае закуліссе цырымоніі адкрыцця. Так, фестывальным настроем зарадзяць Дзяржаўны ансамбль "Белыя росы", народны хор Рэспублікі Беларусь імя Г. Цітовіча, уладальнік Гран-пры "Славянскага базару ў Віцебску - 2022" Ганна Трубяцкая і група Aura.

Асноўнай жа конкурснай пляцоўкай стане Гарадскі цэнтр культуры. Тут у рэжыме нон-стоп будуць выступаць у задавальненне і за прызавое месца калектывы з Мінска, Гродна, Віцебска, Бабруйска, Алматы, Санкт-Пецярбурга, Смаленска, Чэлябінска, Пратвіно, Магнітагорска, Ульянаўска, Бішкека і іншых гарадоў. Лепшых з лепшых вызначаць у некалькіх намінацыях.

Уладальнік Гран-пры "Сожскага карагода" атрымае статуэтку з сімвалам форуму і каштоўны прыз. У гэтыя дні статуэтку вырабляюць на адным з прадпрыемстваў Гомеля.

Ацэньваць выступленні будзе творчае прафесійнае журы. Аднагалосна старшынёй журы выбраны мастацкі кіраўнік і галоўны балетмайстар Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Валянцін Дудкевіч. Таксама ў ліку калегіі - рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Карчэўская, заслужаны работнік культуры Расіі Валерый Бутыркін, заслужаны артыст Чачэнскай Рэспублікі, саліст ансамбля "Нахчо" Лом-Алі Шахбіеў.

Юбілейны фестываль супаў са значнай у летапісе горада над Сожам датай - 880-годдзем Гомеля. Таму ўдзельнікі танцавальнага форуму павіншуюць гараджан з галоўнай сцэны, а таксама на святочных пляцоўках у раёнах. У імяніннай праграме прадугледжаны блок з прадстаўленнем візітак удзельнікаў "Сожскага карагода".

Цырымонія закрыцця з гала-канцэртам плануецца ў ГКЦ.

Арганізатары паклапаціліся, каб гасцям было максімальна камфортна. Прадуманы дэталі іх знаходжання і перамяшчэння. Таксама іх будуць суправаджаць валанцёры. Актыўныя і камунікабельныя памочнікі цяпер праходзяць навучанне.

Міжнародны фестываль харэаграфічнага мастацтва "Сожскі карагод" упершыню сабраў у паўднёва-ўсходнім рэгіёне танцавальныя калектывы з розных краін у 1997 годзе. Мерапрыемства накіравана на пашырэнне і ўмацаванне міжнацыянальных творчых сувязей, узаемадзеянне нацыянальных культур. Заснавальнікамі харэаграфічнага форуму выступаюць Міністэрства культуры Беларусі, Гомельскі абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі