ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 2 кастрычніка 2023
Мінск Ясна +15°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
07 чэрвеня 2023, 10:25

Выстава сувеніраў у народным стылі адкрыецца ў Віцебску

Фота з архіва
Фота з архіва

7 чэрвеня, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Абласная выстава-конкурс дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Віцебскі сувенір" адкрыецца ў Віцебскім абласным метадычным цэнтры народнай творчасці 8 чэрвеня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўстанове культуры.

На адкрыцці выставы, што адбудзецца 8 чэрвеня ў 15.00, наведвальнікі змогуць убачыць усё багацце сувеніраў, выкананых майстрамі паўночнага рэгіёна.

Тут будуць прадстаўлены вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у якіх адлюстраваны нацыянальныя традыцыі і рэгіянальныя асаблівасці тых ці іншых рэчаў, распаўсюджаных на тэрыторыі пэўнай мясцовасці. Таксама госці выставы ўбачаць брэндавыя ўзоры, якія асацыююцца з пэўным раёнам, горадам або вёскай.

У кожнага твора майстра ёсць свая гісторыя, і нават у аналагічных вырабах відаць індывідуальны почырк яго стваральніка. Вырабы выкананы з прыродных і штучных матэрыялаў, некаторыя ўяўляюць сабой цэлыя кампазіцыі і інсталяцыі. Яркія і самабытныя сувеніры выраблены ў розных тэхніках - саломапляценне, лозапляценне, разьба па дрэве, кераміка і ганчарства, вязанне спіцамі і кручкамі, валенне з воўны, ткацтва, размалёўка па тканіне і шкле, выцінанка, пэчварк, апрацоўка скуры і шмат іншага.

Наведвальнікаў выставы не пакінуць абыякавымі лялькі ў нацыянальным адзенні, цацкі, аналагічныя тым, з якімі гулялі маленькія дзеці некалькі стагоддзяў таму, аўтэнтычныя свістулькі з гліны, арыгінальныя ўпрыгажэнні. Хатнія гаспадыні змогуць падгледзець тут некалькі ідэй для дэкарыравання дома і знайсці сабе новае хобі, як, напрыклад, размалёўка дываноў. На памяць наведвальнікі змогуць набыць сувенір у традыцыйным стылі.

Выставу з багатай калекцыяй экспанатаў запрашаюць наведаць таксама самых маленькіх жыхароў і гасцей Віцебска, якім абавязкова спадабаюцца незвычайныя і прывабныя сувеніры. Яна будзе экспанавацца да 4 ліпеня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі