ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Субота, 28 студзеня 2023
Мінск -4°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 лістапада 2022, 09:33

Вячаслаў Нікіфараў: беларускі кінематограф варта ўзбагаціць прыгодніцкім фільмам

Вячаслаў Нікіфараў. Фота з архіва
Вячаслаў Нікіфараў. Фота з архіва

9 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Беларускі кінематограф варта ўзбагаціць прыгодніцкім фільмам. Такім меркаваннем з журналістамі падзяліўся заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, кінарэжысёр, сцэнарыст Вячаслаў Нікіфараў перад сваім творчым вечарам у сталічным кінатэатры "Піянер", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У Людмілы Рублеўскай ёсць прыгодніцкі раман "Авантуры Пранціша Вырвіча". Адзін фільм па ім ужо знялі, але твор - бездань, можна такое зрабіць! І ўзбагаціць беларускі фільм жанрам прыгод, якога не хапае. У рамане такое дзёрзкае, смелае, вясёлае апавяданне. І я зрабіў бы хоць цяпер, 10, 20 серый гэтых прыгод", - сказаў Вячаслаў Нікіфараў.

Паводле яго слоў, нямала ў гэтым творы Людмілы Рублеўскай і дасціпнасці. "І гэта неяк неназойліва праецыруецца на наш характар. Прычым гісторыя мае заспакаяльнае ўздзеянне, як ні дзіўна", - дадаў кінарэжысёр.

Вячаслаў Нікіфараў выказаўся таксама аб кінафестывалі "Лістапад". "Ён зарадзіўся ў Саюзе кінематаграфістаў у пачатку 90-х, я быў яго старшынёй, рэдагаваў першы статут і палажэнне фестывалю. Пры яго зараджэнні два прыярытэты было: міжнародны статус і развіццё нацыянальнага кінематографа. А гэта што? Трэба паказваць творчасць маладых, што зрабілі да фестывалю - трэба ўсё паказаць", - адзначыў сцэнарыст.

Таксама кожны кінафестываль "Лістапад" павінен дэманстраваць рэтраспектыву творчасці майстроў-класікаў, падборку іх твораў, дадаў Вячаслаў Нікіфараў. "Бо многія не ведаюць першыя фільмы Юрыя Тарыча (савецкі кінарэжысёр. - Заўвага БЕЛТА). Трэба, каб ўшаноўвалі нашых зорак. Гэта ўмова развіцця. Тады фестываль быў бы багацейшы, але сам факт яго існавання сведчыць аб тым, што наша кіно жыве і будзе жыць", - падкрэсліў кінарэжысёр.

На творчым вечары паказалі фільм "Зімародак" Вячаслава Нікіфарава. Кінакарціне ў гэтым годзе спаўняецца 50 гадоў, яна ўключана ў залатую калекцыю "Лістапада". Сам рэжысёр у бягучым годзе адзначыў 80-годдзе.

4 лістапада на адкрыцці XXVIII Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад" Вячаслаў Нікіфараў атрымаў спецыяльны прыз Прэзідэнта Беларусі "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі