ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 24 верасня 2021
Мінск Пераменная воблачнасць +8°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
28 ліпеня 2021, 12:44

"Вежы. Kasia & Basia": работы гродзенскіх мастакоў прэзентуюць на выставе ў Мінску 29 ліпеня

Фота Беларускага саюза мастакоў
Фота Беларускага саюза мастакоў

28 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мастацкі праект "Вежа" адкрыецца 29 ліпеня ў Палацы мастацтва, паведаміла БЕЛТА першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч.

У праекце на выставе "Вежы. Kasia & Basia" будуць прадстаўлены работы вядомых гродзенскіх мастакоў Юрыя Якавенкі, Аляксандра Сільвановіча, Сяргея Грыневіча, Уладзіміра Панцялеева, Валянціны Шобы і Вікторыі Ільіной.

"Былыя воданапорныя вежы Кася і Бася на вул. Свярдлова - адна з выдатных мясцін Гродна. Гэты архітэктурны помнік ХІХ стагоддзя даўно стаў візітнай карткай гродзенскіх мастакоў. Вось ужо 30 гадоў там на трох паверхах знаходзяцца іх творчыя майстэрні. Але не толькі гэта аб'яднала шасцярых вядомых мастакоў у экспазіцыі адной выставы, але і шматгадовае сяброўства, калі яны пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў прыехалі ў Гродна і стварылі тут асаблівае месца прыцягнення. Сумесныя яркія праекты ў Беларусі і за мяжой нараджаліся таксама тут, у вежах", - расказала Наталля Шаранговіч.

"У Вялікай зале Палаца мастацтва кожны з прадстаўленых гродзенскіх мастакоў створыць уласную прастору з ярка праяўленым аўтарскім стылем, але пры гэтым аб'яднаную моцнай прафесійнай школай і майстэрствам выканання, агульнай вытанчанай еўрапейскасцю і вобразнасцю. Маштаб іх работ незалежна ад фарматаў касмічны, як і тэмы, што ўзнімаюць мастакі, дзе ёсць усё: разважанні пра сённяшні дзень, іронія, схаваная за ўдалай метафарай, непрыкрыты нонканфармізм, вытанчаная сюррэалістычнасць успрымання рэчаіснасці і проста захапленне любімым Гроднам", - дадала мастацтвазнавец.

Графічныя творы Валянціны Шобы - своеасаблівы містычны рытуал, у якім гучыць штодзённая малітва аб захаванні прыгажосці і гармоніі. У яе карцінах адлюстраваны містычная прырода, казка, магія - так яна бачыць рэчаіснасць, колеры зямлі, паветра, неба.

"Манументальныя кампазіцыі Аляксандра Сільвановіча ствараліся пад уплывам знаёмства з творчасцю Гродзенскага тэатра лялек і непасрэдным удзелам у сцэнаграфіі спектакля "Фаўст. Сны" рэжысёра Алега Жугжды. Героі яго карцін - лялькі-марыянеткі, якія ўдзельнічаюць у розных тэатральных эпізодах. Работы выклікаюць шмат асацыяцый, вызначаюцца таямнічасцю паэтычнай недаказанасці. Другі праект - "Каралеўскія гісторыі" - прысвечаны знакамітаму гістарычнаму мінуламу нашай Радзімы", - падкрэсліла Наталля Шаранговіч.

У праекце Вікторыі Ільіной "Ад колеру да манахрому" спалучаюцца падкрэслена каляровыя палотны з манахромнымі, пабудаванымі на фактурнасці і гульні ліній вобразамі. "Нечаканы для мастачкі пераход да чорна-белага жывапісу абвастрае яе ўспрыманне рэчаіснасці", - дадала мастацтвазнавец.

"Юрый Якавенка пакажа адразу некалькі новых серый афортаў, вытанчанае майстэрства лініі, метафары, лаканічнасць - адметны стыль, брэнд знакамітага мастака. Яго работы зацягваюць у прыцягальны казачны свет, дзе знаходзяцца патаемныя жаданні, смутныя асацыяцыі. А вось металічныя матрыцы - дошкі і калекцыя фарфоравых талерак з выявамі яго работ - унікальныя праекты, над якімі мастак працуе апошнія некалькі гадоў", - прадоўжыла Наталля Шаранговіч.

Галоўнае творчае крэда Уладзіміра Панцялеева - "алегорыя тэмы і тэма алегорыі". "Серыя драўлянай скульптуры, якую пакажа на выставе аўтар, вельмі архаічная і метафарычная. Яна настройвае гледача на інтуітыўна-філасофскі лад. Чалавек падаецца скульптарам вельмі схематычна, абагульнена, як частка сусвету і сімвал дасканалай формы", - сказала мастацтвазнавец.

У праекце Сяргея Грыневіча будуць прадстаўлены новыя творы, якія да гэтага часу не экспанаваліся ў Мінску. Гэта фрагменты некалькіх серый, над якімі аўтар працуе ўжо некалькі гадоў, - цыкл, звязаны з экалогіяй, і серыя работ на сакральную тэматыку. Задачай мастака было азнаёміць гледача з разнастайнасцю аўтарскіх інтарэсаў. У праект уваходзяць работы з серый "Біблейскія сюжэты" і ECO.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі