Сцяг Серада, 22 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
16 студзеня 2024, 18:29

Традыцыі і авангард. Саюз мастакоў расказаў аб праектах на 2024 год

Фота з архіва
Фота з архіва
16 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Год якасці для Беларускага саюза мастакоў - гэта магчымасць паказаць вялікія выставачныя праекты. Аб гэтым заявіла першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў, мастацтвазнавец Наталля Шаранговіч на прэс-канферэнцыі "Выставачны сезон - 2024. Новыя творчыя праекты беларускіх мастакоў", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Наталля Шаранговіч падкрэсліла: "Год якасці для Беларускага саюза мастакоў - гэта магчымасць паказаць вялікія выставачныя праекты. Мы будзем мінімальна паказваць выставы асобных мастакоў, а максімальна даваць выказацца вялікай колькасці мастакоў, як членам саюза, так і студэнтам, і прафесіяналам, якія яшчэ па-за нашай творчай арганізацыяй. Хочацца сабраць усіх разам і ўбачыць, што адбываецца цяпер у выставачным і культурным полі".

Яна паведаміла, што выставачны сезон Саюза мастакоў адкрые праект "1,10 квадрата", прысвечаны 110-годдзю "Чорнага квадрата" Казіміра Малевіча. "Ён будзе складацца з 2 частак. На пляцоўцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі мы пакажам віцебскіх мастакоў, якія займаюцца тэматыкай супрэматычных кампазіцый. Другая частка будзе прадстаўляць мастакоў усіх абласцей. Тэматыка гэтага праекта вельмі простая. Быў "Чорны квадрат", і ёсць яго трансфармацыі ў сучасным мастацтве, яны могуць быць розныя. Гэта неабавязкова жывапіс, гэта могуць быць любыя арт-аб'екты - усё тое, што сведчыць аб руху наперад у мастацтве", - дадала першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў.

Яна адзначыла і прадаўжэнне многіх ужо традыцыйных праектаў. Гэта Terragraphica, якая ў 2024 годзе будзе прысвечана міфалагічнай і біблейскай тэматыцы, "Асенні салон", прысвечаны маладзёжнаму мастацтву, і "Арт-Мінск", які будзе прысвечаны Першай Усебеларускай выставе.

Важнай падзеяй стане святкаванне 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Да гэтай даты саюз мастакоў падрыхтаваў асаблівы праект. "Звычайна мы паказваем нашы фонды: работы франтавікоў, людзей, якія прайшлі вайну, і работы пра вайну. На гэты ж раз мы хочам зрабіць праект з новых работ, прысвечаных вобразу маці і жанчыны ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэта такая кранальная тэма, якая, я думаю, закране любога мастака", - адзначыла яна.

Таксама ў гэтым годзе пройдуць традыцыйныя трыенале. "Гэтыя выставачныя праекты праходзяць раз у 3 гады. У гэтым годзе ў нас пройдзе два трыенале. Першае будзе прысвечана жывапісу, графіцы, скульптуры, дзе мы будзем паказваць класічныя работы членаў нашага саюза і не толькі, паколькі гэта будзе рэспубліканская выстава. Другім жа стане трыенале канцэптуальнага мастацтва "Канцэпт" - гэта новыя формы ў мастацтве, самыя нечаканыя, уключаючы відэа-арт, арт-аб'екты і ўсё, што стваралася гэтыя 3 гады ў разрэзе канцэптуальнага мастацтва", - падзялілася планамі Наталля Шаранговіч.

Яна адзначыла таксама, што саюз мастакоў прадоўжыць супрацоўнічаць з абласнымі музеямі. "Калі ў мінулым годзе да 85-годдзя Беларускага саюза мастакоў мы вазілі нашу калекцыю і паказвалі класічнае мастацтва ў Беларусі, то ў мінулым годзе мы будзем вазіць больш авангардныя работы", - звярнула ўвагу першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў.

Вялікая колькасць праектаў у бягучым годзе дасць магчымасць гледачу пазнаёміцца з беларускімі мастакамі ва ўсёй іх разнастайнасці, упэўнена яна. "Гэта будзе разуменне якасці, таго, што наша беларускае мастацтва - прафесійнае, яркае, незвычайнае і вельмі рознае. Яно напоўнена ўсім - ад традыцыйных, прафесійных і класічных да зусім немагчымых авангардных форм", - падкрэсліла Наталля Шаранговіч.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі