ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Пятніца, 27 студзеня 2023
Мінск -2°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
23 лістапада 2022, 12:10

Спектакль "Рахманінаў" адкрые Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску

Фота Мінкультуры Алтайскага края
Фота Мінкультуры Алтайскага края

23 лістапада, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі сёння стартуе ў Віцебску. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі арганізатары форуму.

Адкрыюць праграму выставы жывапісу і фатаграфіі, прэзентацыя ўдзельнікаў конкурсу і спектакль "Рахманінаў" у выкананні Дзяржаўнага маладзёжнага ансамбля песні і танца "Алтай" імя Ф.Бярэзікава. Дарэчы, калектыў з Барнаула прыязджае на IFMC упершыню. Прысвечаны кампазітару Сяргею Рахманінаву спектакль паставіў вядомы харэограф Аляксей Растаргуеў. Шоу адбудзецца сёння ў 19.00 у канцэртнай зале "Віцебск".

Як адзначаюць арганізатары, заяўкі на ўдзел у адборачным відэатуры падавалі больш за 50 канкурсантаў з чатырох краін: Беларусі, Расіі, Казахстана і Арменіі. У наступны этап прайшлі 22 калектывы.

У чацвер у Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я.Коласа віцебскага гледача чакае вечар аднаактовых балетаў. Незалежная кампанія сучаснага танца Libertatem пакажа спектакль "Гаўдзі". У другім аддзяленні расійскі тэатр танца "Дарога з горада" прапануе паглядзець работу пад назвай "Не будзіце спячага сабаку".

Вечар 25 лістапада на міжнародным фестывалі прысвецяць памяці Яўгена Панфілава - у бягучым годзе споўнілася 20 гадоў з дня смерці маэстра. Артысты тэатра "Балет Яўгена Панфілава" аднавілі яго работу "Капітуляцыя". Таксама на віцебскай сцэне яны прадставяць пастаноўку "Працяг будзе".

Традыцыйна ў суботу пройдуць фіналы міжнароднага конкурсу - у 16.00 і 19.00. Суправаджаць іх будуць спектаклі санкт-пецярбургскага тэатра сучаснага танца "Кананданс" і пермскага "Балета Яўгена Панфілава". Апошні пакажа адну са сваіх новых работ - Libertad, прысвечаную творчасці лацінаамерыканскай мастачкі Фрыды Кало.

Цырымонія ўзнагароджвання і выступленне лаўрэатаў Міжнароднага конкурсу сучаснай харэаграфіі адбудзецца 27 лістапада, у дзень закрыцця форуму. У другой частцы шоу ў канцэртнай зале "Віцебск" выступяць артысты тэатра "Правінцыяльныя танцы" з Екацярынбурга. Данс-кампанія прадставіць спектакль "Скура".

Акрамя спектакляў і конкурсных выступленняў арганізатары прапануюць віцебскай публіцы і ўдзельнікам форуму шэраг сустрэч, відэалекцый, майстар-класаў і выставак.

Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі вярнуўся ў Віцебск пасля перапынку. Два гады запар IFMC адмянялі з-за пандэміі каранавіруса і звязаных з ёй абмежаванняў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі