Сцяг Субота, 18 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
18 красавіка 2024, 15:57

Саракач: гісторыка-культурная спадчына адыгрывае асаблівую ролю ў фарміраванні нашай самасвядомасці

Сяргей Саракач. Фота з архіва
Сяргей Саракач. Фота з архіва
18 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Гісторыка-культурная спадчына адыгрывае асаблівую ролю ў фарміраванні нашай самасвядомасці і выхаванні моладзі. Такім меркаваннем падзяліўся намеснік міністра культуры Сяргей Саракач у ходзе рэспубліканскага семінара, прымеркаванага да Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясцін у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Дзень помнікаў і гістарычных мясцін. У ходзе святкавання Міністэрства культуры вырашыла сабраць круглы стол, удзельнікамі якога сталі вядучыя спецыялісты ў справе захавання гісторыка-культурнай спадчыны: архітэктары, археолагі, мастацтвазнаўцы, вучоныя і дырэктары музеяў. "Гісторыка-культурная спадчына Беларусі падтрымліваецца на даволі высокім узроўні. У гэта ўкладваюцца вялікія сродкі як рэспубліканскага бюджэту, так і фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва. Яны ідуць на рэстаўрацыю нашых помнікаў для таго, каб перадаць іх наступнаму пакаленню. Гісторыка-культурная спадчына сёння з'яўляецца вялікім патэнцыялам для выхавання будучага пакалення, фарміравання нашай самасвядомасці і пачуцця гордасці за краіну", - адзначыў Сяргей Саракач.

Ён таксама дадаў, што за апошнія гады на турыстычнай карце Беларусі значна прыбавілася гістарычных аб'ектаў. "Сёння мы можам гаварыць аб такіх знакавых аб'ектах, як Косаўскі палац Пуслоўскіх, Жыліцкі палац Булгакаў, Крэўскі, Навагрудскі і Лідскі замкі", - сказаў намеснік міністра.

Сяргей Саракач таксама адзначыў, што чакаецца яшчэ шмат работы. "Цяпер у нас аднаўляецца і вялікая колькасць храмаў. У бягучым годзе мы плануем завяршыць работу па рэстаўрацыі ўнікальнай Спаса-Праабражэнскай царквы ХІІ стагоддзя ў горадзе Полацк. Рэстаўрацыя там вялася значны час - з 1992 года, і мы плануем завяршыць яе да святкавання 900-годдзя храма. Таксама плануецца завяршыць рамонтна-рэстаўрацыйныя работы ў касцёле Божага Цела ў Нясвіжы, у храме Аляксандра Неўскага ў Мінску і ўсходнім корпусе Ружанскага палацава-паркавага комплексу. Работа вядзецца каласальная, і ўсё гэта робіцца ў тым ліку дзякуючы падтрымцы нашай дзяржавы і нашага Прэзідэнта", - падзяліўся ён.

Як расказала начальнік упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Таццяна Бокша, сёння ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей уключана 5685 аб'ектаў спадчыны. "Гэта нерухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці: помнікі архітэктуры, гісторыі, археалогіі, мастацтва, горадабудаўніцтва і запаведныя месцы. А таксама рухомыя матэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці і нематэрыяльныя гісторыка-культурныя каштоўнасці", - расказала яна.

І дадала, што некаторыя беларускія помнікі ўключаны ў Спіс аб'ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Гэта Белавежская пушча, Мірскі замак, Нясвіжскі замак і кропкі Дугі Струвэ. Акрамя таго, абрады "Калядныя цары" і "Юраўскі карагод", Будслаўскі фэст, культура ляснога бортніцтва і саломапляценне Беларусі.

Кансультант упраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Генадзь Ходар адзначыў, што галоўны пасыл семінара - расказаць, як прымяняць гісторыка-культурную спадчыну ў выхаванні падрастаючай моладзі. "Таму сёння галоўныя госці нашага мерапрыемства - прадстаўнікі ўстаноў адукацыі. Мы спадзяёмся, што яны натхняцца гэтым прыкладам захавання спадчыны і здабытку Беларусі і будуць перадаваць гэты вопыт сваім вучням. Не заўсёды звычайны грамадзянін разумее, навошта ж захоўваць руіны або старыя будынкі. А яны ж захоўваюць шматвяковую гісторыю і з'яўляюцца доказам нашай ідэнтычнасці і нацыянальнасці", - адзначыў кансультант.

Ён падкрэсліў, што, нягледзячы на ўсе праблемы, якія ўзнікаюць у працэсе рэстаўрацыі, дзяржава заўсёды стараецца прыкласці ўсе намаганні, каб захаваць сваю спадчыну.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі