ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Чацвер, 24 верасня 2020
Мінск Малавоблачна +14°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
12 жніўня 2020, 16:16

Саюз пісьменнікаў Беларусі рыхтуе вялікую праграму да Дня пісьменства ў Бялынічах

У Бялынічах. Фота з архіва
У Бялынічах. Фота з архіва

12 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Саюз пісьменнікаў Беларусі расказаў аб праграме Дня беларускага пісьменства ў Бялынічах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах адзначыла, што традыцыйна адбудзецца круглы стол. У бягучым годзе ён аб'яднае ўдзельнікаў з Расіі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Украіны, Грузіі, Азербайджана, Казахстана, Таджыкістана, ЗША, Сербіі. "Аўтары прэзентуюць свае новыя творы, пераклады. У час абмеркавання будзе ўзнята важная тэма для ўсіх краін свету - уплыў слова на свядомасць людзей, усталяванне міру, спакою. Запланавана відэасувязь з Нацыянальнай акадэмічнай бібліятэкай Казахстана ў Нурсултане. Да дыялогу таксама далучацца казахскія пісьменнікі Святлана Ананьева і Баянгалі Алімжанаў", - расказала яна.

У Бялыніцкай дзіцячай школе мастацтваў запланавана творчая сустрэча пісьменнікаў з жыхарамі горада. На другі дзень свята адбудзецца ўрачыстае адкрыццё і падвядзенне вынікаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Таксама журы аб'явіць вынікі рэспубліканскага творчага конкурсу БРСМ "Кніга з экрана".

Паводле слоў старшыні Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Міхаіла Пазнякова, госці свята ў Бялынічах убачаць больш за сто кніг, якія выйшлі ў 2019 годзе. "Пяты сезон Мінскага гарадскога тэатра паэзіі Цэнтральнай гарадской бібліятэкі імя Я.Купалы адкрыецца ў Бялынічах. Рэжысёры і артысты рыхтуюць спектакль "Старонцы мілай пакланюся", таксама прагучаць вершы беларускіх класікаў і сучасных паэтаў. Пройдуць прэзентацыі кніг, аўтограф-сесіі. На стэндах выдавецтваў будуць прадстаўлены творы такіх беларускіх аўтараў, як Вольга Нікіценка, Мікалай Мятліцкі, Сяргей Давідовіч", - дадаў ён.

Дзень беларускага пісьменства заснаваны ў 1994 годзе і адзначаецца штогод у першую нядзелю верасня. Ён праводзіцца для папулярызацыі лепшых традыцый нацыянальнай культуры, друкаванага слова, духоўнасці беларускага народа. Праходзіць у гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У бягучым годзе вялікі рэспубліканскі фестываль прымаюць Бялынічы Магілёўскай вобласці 6 верасня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі