ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 5 снежня 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць -9°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
04 верасня 2022, 13:08

РЭПАРТАЖ пра настрой, з якім Добруш сустрэў сяброў у Дзень пісьменства

Прыгранічны Добруш на гэтыя выхадныя з годнасцю нясе статус сталіцы Дня беларускага пісьменства. У сэрцы гэтага старажытнага гарадка мнагалюдна, ды і сам ён змяніўся, захоўваючы чысціню сваёй душы. Адкрыты мікрафон, прэзентацыі новых твораў, кніг і сустрэчы з пісьменнікамі, артыстамі і журналістамі. Не заўсёды такой канцэнтрацыяй творчасці можа пахваліцца нават сталіца. Карэспандэнты БЕЛТА даведаліся, што ўразіла гасцей свята.

Фестывальны горад прачынаўся практычна са світаннем. З раніцы ён напаўняўся лёгкім шэптам і шчэбетам удзельнікаў форуму, каб з кожнай гадзінай набіраць моц да феерычнага завяршэння маштабнага дзейства.

Ужо апоўдні горад на Іпуці напоўнены сталічнай мітуснёй.

Дзясяткі тысяч гасцей з розных куткоў Беларусі і прыгранічча збіліся з ліку, колькі павільёнаў наведалі, колькі кіламетраў прайшлі па фестывальных кварталах, алеях і скверах.

Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У.І. Леніна падрыхтавала асаблівы сюрпрыз. Ні больш ні менш - "Салон Ірыны Паскевіч". Тут у тэатралізаваным паказе можна пазнаёміцца з апошнімі ўладальнікамі палаца Румянцавых і Паскевічаў - Ірынай Іванаўнай і Фёдарам Іванавічам. Дырэктар бібліятэкі Таццяна Забіяка нагадвае пра іх неацэнны ўклад у тым ліку і ў эканамічнае развіццё Добруша. Праз дыялогі герояў, якіх з душой іграюць артысты народнага аматарскага тэатра "Гракі", перадаюцца рэальныя падзеі. Гэта невялікі экскурс пра станаўленне папяровай фабрыкі ў Добрушы, будаўніцтва чыгункі.

Уражаны атмасферай госці з расійскай Злынкі. "Гэта проста супер. У Добрушы не першы раз, але сёння ён проста паўстаў ва ўсёй красе, так змяніўся за кароткі тэрмін. Ён стаў набліжаны да еўрапейскага ўзроўню, але пры гэтым не страціў сваё асаблівае аблічча, сваю адметнасць. Добруш жа называюць беларускай Венецыяй, але, думаю, італьянцы пазайздросцілі б яго ўнікальнаму каларыту. Усё настолькі цудоўна, што дух займае", - дзеліцца намеснік старшыні Злынкаўскага савета народных дэпутатаў Таццяна Дабрадзей.

Пабывалі на мадэрнізаваным стадыёне, дзе ў гэтыя дні праходзіць фестываль футбола памяці Уладзіміра Рыжанкова. "Нашы хлопцы прыехалі на спаборніцтвы адны з першых, быў час прыгледзецца. Але яны ніколькі не стаміліся, на тварах - задавальненне. Усе наперабой гавораць: "Нам бы такі стадыён". Але гэта з белай зайздрасцю, паверце", - запэўнівае начальнік аддзела адукацыі ў Злынцы Марына Бяспалава.

Скача ад шчасця каля павільёна БЕЛТА прыкладна шасцігадовага ўзросту хлопчык. Ён задаў пытанне заслужанай артыстцы Рэспублікі Беларусь Алене Ланской і выйграў два білеты - для сябе і мамы - на цудоўны канцэрт у гонар адкрыцця фестывалю. Складана сказаць, хто больш радаваўся. Ззялі вочы і тых, хто змог сфатаграфавацца з уладальніцай вельмі мяккага, але пры гэтым моцнага голасу.

Прафесійныя паэты і пісьменнікі адкрыты да ўзаемадзеяння. Яны расказваюць дзецям і дарослым пра сваё жыццё, дзеляцца падрабязнасцямі, пра якія раней не гаварылі. Цэлае сузор'е аўтараў, у тым ліку тых, чые творы трапілі ў школьныя хрэстаматыі.

Можна таксама ўбачыць нашчадкаў вядомых пісьменнікаў. Так, на адкрыцці помніка Івану Шамякіну прысутнічала дачка класіка Алеся Іванаўна і прадаўжальнік творчага роду і імя - унук Іван.

На імправізаваным газетным бульвары - інтэрактыў на кожным кроку. Напрыклад, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза культуры, інфармацыі, спорту і турызму Міхаіл Жукевіч у павільёне газеты Жлобінскага раёна "Новый день" выкаваў сваю манету шчасця з сімваламі горада металургаў. А "Гомельские ведомости" спяшаліся паказаць свету ўнікальны нумар газеты "Гомельская копейка", якая дэманстравала інфармацыйны парадак дня краю шмат дзесяцігоддзяў таму.

Адзначае маштаб фестывалю і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч: "Колькі людзей сёння сабралася ў Добрушы. Відавочна, гэта не толькі жыхары гэтага гарадка і Гомеля. Прыехалі людзі з усіх рэгіёнаў краіны і Мінска. Думаю, яны застануцца задаволены і з дапамогай мастацтва: мастацтва кнігі, мастацтва песні і інш. Прадстаўлена вельмі шырокая творчая палітра. Важна паказаць моладзі, што кніга выходзіць, што яна ёсць, яна жывая, што папяровая кніга яшчэ не страціла сваіх пазіцый і ролі. Больш таго, творы беларускіх аўтараў чытаюць і за мяжой - іх перакладаюць. Яны маюць сваю крытыку, сваю павагу і прызнанне".

І на фестывалі кнігі сапраўды ажывалі - не толькі ў вобразе іх аўтараў, майстэрскай ігры акцёраў, але і на прэзентацыях літаратурных навінак.

"Ведаеце, у мяне такое пачуццё, што я яшчэ доўга буду адчуваць пах старонак нядаўна выдадзеных кніг. Гэта нешта чароўнае. Уразіла тое, як нашы таленавітыя беларусы даказваюць свой творчы стыль. Гэтыя паэтычныя капуснікі, калі прафесіяналы і аматары чытаюць вершы каля адкрытага мікрафона, вельмі натхняюць. І няхай я сама не напішу зборнік ці хаця б адзін верш, але на душы лёгкасць адчуваецца. Вельмі не хапае такога ў нашым штодзённым жыцці", - эмацыянальна расказвае госця свята з Бабруйска Алена Андрэеўна.

Гіганцкія васількі, жывыя скульптуры, дэгустацыі, майстар-класы па разьбе па дрэве, саломапляценні і іншых рамёствах - усё сваё роднае. Без перабольшання, калі б давялося ўзважваць усе адметнасці, якія прадставілі раёны і ўстановы Гомельскай вобласці, а таксама рэспубліканскія СМІ, яны вымяраліся б тонамі.

"Здаецца, сёння ў мяне сапраўдны культурны шок. Пачынаючы з паездкі ў такім стыльным поездзе, які адправілі па маршруце Гомель - Добруш, і пакуль не заканчваючы - яшчэ шмат трэба паспець паглядзець - абходам літаратурных падворкаў, квартала рамеснікаў і майстроў. Гэта такі зарад. Думаю, усёй сям'ёй паедзем на наступны Дзень пісьменства, дзе б яго ні праводзілі", - дзеліцца эмоцыямі гамяльчанка Ганна, якая прыехала з абласнога цэнтра са сваёй шасцігадовай дачкой.

Прыемнае адчуванне ад свята застанецца ў жыхароў райцэнтра і яго гасцей. Эмоцыі ад прыемных сустрэч яшчэ доўга будуць смакаваць анлайн і афлайн, дзякуючы шматлікім фота, сэлфі, відэа, артыкулам, публікацыям, успамінам і аўтографам.

Пасланне ў будучыню ўдзельнікам Дня беларускага пісьменства - 2032 адправілі госці форуму. Праз 10 гадоў яго адкрыюць у час свята, а значыць, творчая эстафета перададзена ўжо на гады наперад. Таму пісьменнікам, паэтам і журналістам якраз пара падтачыць свае "пёры".

Фота Сяргея ХАЛАДЗІЛІНА,

БЕЛТА.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі