Сцяг Серада, 28 лютага 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
09 лютага 2023, 11:26

Расійская арганістка дасць канцэрт у Віцебскай абласной філармоніі

9 лютага, Віцебск /Алеся Пушнякова - БЕЛТА/. Музыкант Эльнора Грос з Расіі прадставіць сёння ў Віцебскай абласной філармоніі арганны канцэрт. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ва ўстанове культуры.

У выкананні майстра аргана з Расіі прагучаць велічныя шэдэўры Іагана Баха, вядомага сваімі складанымі акордамі, якія надаюць гучанню караля інструментаў асаблівую глыбіню і густату. Таксама расіянка сыграе для віцебскіх аматараў класікі нятленныя творы Вольфганга Моцарта, Ферэнца Ліста і Луі Нікаля Клерамбо, французскага кампазітара і прыдворнага музыканта караля Людовіка XIV.

Эльнора Грос родам з Валгаграда, яна асвоіла ігру на фартэпіяна ў музычнай школе. У 2017 годзе скончыла Санкт-Пецярбургскае музычнае вучылішча імя М.А.Рымскага-Корсакава і паступіла ў Санкт-Пецярбургскую кансерваторыю, дзе навучалася ігры на аргане і клавесіне. У 2020 годзе таленавіты музыкант стала студэнткай Маскоўскай кансерваторыі.

Яна з'яўляецца лаўрэатам многіх прэстыжных конкурсаў міжнароднага ўзроўню, якія праходзілі ў Расіі і за мяжой. У скарбонцы высокіх узнагарод Эльноры Грос Гран-пры Усерасійскага адкрытага фестывалю-конкурсу арганнай музыкі "Залатая ліра" (2020 год) і Міжнароднага конкурсу-фестывалю Andantino ў Таліне (2022 год). Расіянка выступае з арганнымі, ансамблевымі, арганна-вакальнымі і арганна-харавымі канцэртамі ў Маскве, Санкт-Пецярбургу, Вялікім Ноўгарадзе, Валгаградзе, Таліне. Сёння ў 19.00 у віцябчан і гасцей горада з'явіцца магчымасць паслухаць майстэрскую ігру госці абласнога цэнтра.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі