ДЗЯРЖОРГАНЫДЗЯРЖОРГАНЫ
Флаг Панядзелак, 5 снежня 2022
Мінск Суцэльная воблачнасць -9°C
Усе навіны
Усе навіны
Культура
06 верасня 2022, 12:18

Прэм'еры і гасцявыя праекты: Гомельскі маладзёжны тэатр адкрые новы сезон 9 верасня

Фота з архіва
Фота з архіва

6 верасня, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр адкрывае 9 верасня новы, 31-ы сезон, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар тэатра Алена Маставенка.

"Сезон 2022/23 - знакавы для нас: 13 кастрычніка бягучага года тэатр адзначыць 30-годдзе. Пачатак сезона прымеркаваны да святкавання 880-годдзя першага згадвання Гомеля ў старажытных летапісах", - расказала кіраўнік.

Паводле яе слоў, у маючым адбыцца тэатральным сезоне на сцэне маладзёжнага тэатра раскрыюцца новыя і для Гомеля, і ў цэлым для Беларусі імёны маладых рэжысёраў. Гледачоў чакаюць яркія, цікавыя, вострыя прэм'еры.

Так, 9 верасня ў 19.00 у абноўленай зале тэатра прадставяць паказ прэм'ернага спектакля "Дом Бернарды Альбы" паводле п'есы Федэрыка Гарсія Лоркі ў пастаноўцы Віталя Краўчанкі.

Далейшая афіша верасня напоўнена творчымі падзеямі. Нараўне з паказам уласных спектакляў маладзёжны прапануе і таленавітыя гасцявыя праекты. Напрыклад, 16 верасня на сцэне тэатра заслужаны артыст Беларусі гітарыст залатога складу ансамбля "Песняры", аранжыроўшчык больш як 1 тыс. кампазіцый, аўтар сімфоній "Бітлз", "Песняры" і іншых Уладзімір Ткачэнка ў дуэце са спявачкай Людмілай Куц парадуе джазавай праграмай. У канцэрце прагучаць сусветныя хіты такіх выканаўцаў, як Стынг, Стыві Уандэр, Томі Эмануэль, кампазіцыі з рэпертуару "Бітлз" і шмат іншага.

21-22 верасня пройдуць гастролі Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа. Аматары тэатральнага мастацтва змогуць убачыць спектакль "Шагал…Шагал…" паводле п'есы Уладзіміра Драздова "Прамы вагон да Парыжа з усімі перасадкамі" ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў Віталя Баркоўскага. Гледачам раскажуць пра жыццё і творчасць аднаго з самых вядомых прадстаўнікоў мастацкага авангарда ХХ стагоддзя Марка Шагала.

"Ваўкалак" паводле аднайменнага апавядання з кнігі "Шляхціц Завальня" Яна Баршчэўскага ўздыме спрэчнае маральнае пытанне помсты і дакладна пакажа ўздзеянне гэтага пачуцця на чалавека. У спектаклі багата выкарыстоўваецца беларускі фальклор: абрады, прыказкі, вясельныя пажаданні, замовы, народныя аўтэнтычныя песні.

"Для дзяцей нашы віцебскія калегі падрыхтавалі вясёлую музычную гісторыю "Усе мышы любяць сыр" па матывах казкі Дзюлы Урбана", - дадала Алена Маставенка.

У сваю чаргу творчы калектыў Гомельскага маладзёжнага тэатра ў новым сезоне прадставіць работы на розных фестывалях. На бліжэйшым з іх - міжнародным фестывалі "Белая Вежа" (Брэст) - гамяльчане пакажуць спектакль "Ціха тут на досвітках…", прысвечаны Году гістарычнай памяці.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
З НАМІ НАЙБОЛЬШ ЦІКАВА
Свежыя навіны Беларусі