Сцяг Чацвер, 30 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Культура
19 студзеня 2024, 13:05

Народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель адзначае юбілей

Фота з архіва
Фота з архіва
19 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Народная артыстка Беларусі, таленавітая актрыса Таццяна Рыгораўна Мархель сёння адзначае 85-гадовы юбілей.

Таццяна Мархель нарадзілася 19 студзеня 1939 года ў вёсцы Шпакоўшчына Смалявіцкага раёна Мінскай вобласці.

З восьмага класа яна ўдзельнічала ў самадзейнасці. У аматарскім спектаклі "Хірургія" паводле апавядання Антона Чэхава сыграла фельчара. Гэта была яе першая ў жыцці роля. Аднак у прафесійны тэатр Таццяна Мархель прыйшла не адразу. Спачатку яна з адзнакай скончыла медыцынскае вучылішча і два гады адпрацавала медсястрой, потым паступіла ў медінстытут. У час вучобы ў інстытуце, іграла ў драматычным гуртку пры Доме культуры Мінскага трактарнага завода. У выніку яна кінула медінстытут і паступіла ў тэатральны. У 1963 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

У Гродзенскі абласны драматычны тэатр яна прыйшла ў 1963 годзе па размеркаванні. Дэбютам для маладой актрысы стала роля японскай шпіёнкі Куін-Сан у спектаклі "Порт-Артур". Таццяна Мархель таксама была занята ў пастаноўках "Экстранны выклік", "Снежная каралева", "Пятроўка, 38", "Сэрца на далоні".

З 1966 па 1967 год Мархель была актрысай Казахскага дзяржаўнага тэатра для дзяцей і юнацтва ў Алматы, затым іграла ў Магілёўскім абласным драматычным тэатры, а з 1970 года - у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа ў Віцебску, дзякуючы якому стала характарнай актрысай. Яна выконвала ролі Кручынінай у спектаклі "Без віны вінаватыя" Астроўскага, лэдзі Капулеці ў "Рамэа і Джульеце" Шэкспіра, Іхменевай у "Прыніжаных і зняважаных" Дастаеўскага і іншыя.

У 1987 годзе Таццяна Рыгораўна пераехала ў Мінск, дзе пачала працаваць у Тэатры-студыі кінаакцёра. Лепшай работай таго часу стала роля Батлейшчыцы ў спектаклі "Дзіця з Віфлеема" па біблейскім сюжэце.

З 1994 года Таццяна Мархель працуе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі. Яна бліскуча сыграла Ведзьму ў "Макбеце", герцагіню Ёркскую ў спектаклі "Рычард III" Шэкспіра, Зіму ў спектаклі "Адвечная песня" Янкі Купалы і іншыя.

Імя Таццяны Мархель добра вядома і аматарам кіно. Яна здымалася ў фільмах "Людзі на балоце", "Подых навальніцы", "Настасся Слуцкая", "Тутэйшыя", "Свежаніна з салютам". Пра жыццё і творчасць самой актрысы таксама зняты дакументальныя фільмы: "І мацярынскі чуецца напеў" і "Вось такі лёс".

За высокі прафесіяналізм, плённую дзейнасць у галіне культуры Таццяна Рыгораўна Мархель узнагароджана шматлікімі дыпломамі і граматамі. У 2004 годзе за асабісты ўклад у развіццё тэатральнага мастацтва, за высокае выканальніцкае майстэрства актрыса ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны, а ў 2012-м стала пераможцам рэспубліканскага конкурсу "Жанчына года" ў намінацыі "Жанчына-легенда-2012".

У 2011 годзе Таццяне Рыгораўне Мархель было прысвоена званне народнай артысткі Беларусі.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі